Гурт Re1ikt правёў урок для навучэнцаў ліцэя горада Бельск-Падляскі

Мінскі гурт Re1ikt выступіў перад вучнямі ў Цэнтры адукацыі і прамоцыі беларускай культуры «Szczyty» ў вёсцы Шчыты-Дзянцёлава ў Польшчы 27 кастрычніка.

Relikt

Незвычайны адкрыты ўрок адбыўся ў межах штогадовага фестывалю «Бардаўская восень», які праходзіць у Беластоцкім ваяводстве. Гурт Re1ikt зайграў для навучэнцаў ліцэя горада Бельск-Падляскі і мясцовых жыхароў. Музыкі выканалі свае найлепшыя песні ў акустычнай версіі.

Каманда ўжо цягам 5 гадоў рэгулярна выступае ў Польшчы, таму ў музыкаў Re1ikt назбіралася шмат гісторый, якімі было цікава падзяліцца са слухачамі.

Ідэю арганізаваць адкрыты ўрок з гуртом Re1ikt прапанаваў старшыня аб’яднання «Szczyty» Ігар Лукашук: «Канцэрт-сустрэча з моладдзю праводзіцца, каб неяк скараціць дыстанцыю паміж выканаўцамі і публікай. Мы запрашалі навучэнцаў бельскага ліцэю, каб пазнаёміць іх з сучаснай беларускай музыкай, зацікавіць ёю. Маладзёны атрымалі ўнікальную магчымасць не толькі прыехаць і паслухаць канцэрт, але і распытаць артыстаў аб тым, што іх цікавіць».

«Мы выйгралі Гран-пры фестывалю «Jesien Bardow» у 2009 годзе, і з таго часу штогод прыязджаем у якасці гасцей і граем на розных пляцоўках Падляшша. Нам вельмі цікава граць перад незнаёмай публікай, наладжваць з ёю кантакт, знаходзіць агульныя тэмы», - падзяліўся сваімі ўражаннямі лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.

Серыя канцэртаў фестывалю «Бардаўская восень» праводзіцца ў гарадах і вёсках Беластоцкага ваяводства Польшчы з 1993 года. На іх выступіла шмат вядомых беларускіх аўтараў-выканаўцаў і гуртоў у акустычным фармаце: Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ Orkiestra, Алег Хаменка, Кася Камоцкая, Віктар Шалкевіч. У межах фестывалю таксама праводзіцца конкурс сярод маладых выканаўцаў.

Re1ikt стаў уладальнікам Гран-пры фестывалю «Бардаўская восень-2009». Гэта быў першы беларускамоўны выступ гурта, пасля якога калектыў пачаў складаць песні і даваць канцэрты выключна на беларускай мове. З таго часу каманда змяніла стылістыку з гранжу на фолк-рок. Геаграфія выступаў Re1ikt пашырылася коштам шматлікіх гарадоў Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі, музыкі перамаглі на некалькіх міжнародных конкурсах-фестывалях: Rockowisko, Wsсhodni Gorizont і інш. Таксама афіцыйная дыскаграфія гурта папоўнілася двума CD- і DVD-рэлізамі.

Наступны сольны канцэрт Re1ikt адбудзецца ў TNT Rock Club ў Мінску 9 лістапада.

Паводле прэс-рэліза

 

11:03, 28/10/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.061 seconds.