What the hack: ноч з праграмістамі

«А тут зразумеюць, бо ўсе займаюцца падобнай фігнёй»

Сур’ёзныя дзядзькі з інвестыцыямі, хэдхантары з IT-кантор і абяцанні ўратаваць свет — звычайныя складнікі беларускіх IT-мерапрыемстваў, але не WTH. Замест гэтага — вар’яцкія ідэі ды спальныя мяшкі. Рэпартаж Generation.by з незвычайнага хакатона, які праходзіў на мінулых выходных у стартап-хабе Imaguru.

What the hack — 44-гадзінны хакатон без нахабнага хайрынга, паднадакучаных ужо гуру беларускай айцішанай прасторы ды абавязальніцтваў зрабіць закончаны прадукт. Мерапрыемства не для паляўнічых за ідэямі, інвестараў, а для саміх распрацоўшчыкаў.

«Я быў некалькі разоў у Лондане на падобных імпрэзах і што мне спадабалася там, гэта тое, што ў адрозненні ад нашых мерапрыемстваў праграмісты збіраюцца дзеля фану. Ім хочацца з кім-небудзь пастасавацца, у іх ёсць ідэі. На працы нельга іх рэалізаваць, бо ёсць рамкі, ёсць тэхзаданне і ніхто цябе не зразумее. А тут зразумеюць, бо ўсе займаюцца падобнай фігнёй», — кажа галоўны арганізатар Дзіма Дудзін.

У журы Дзіма прынцыпова не запрашаў вядомых экспертаў, судзілі ўсё мерапрыемства такія ж апантаныя і актыўныя дэвелаперы. Больш за два дзясяткі каманд і каля сотні ўдзельнікаў мусілі прыдумаць арыгінальнае тэхнічнае рашэнне для не менш арыгінальнай задумы. І хай сабе задума непатрэбная для звычайных карыстальнікаў ды без рэальнай магчымасці манетызацыі. Апошняе нават арганізатары меней за ўсё хацелі б бачыць у прадстаўленых ідэях. Бо гэта не стартаперскі івэнт, а праграмерская тусоўка абмену ведамі, досведам і харошым настроем. Так, напрыклад, намінацыя «Самы тэхналагічны хак» дасталася электроннаму бубну. Сэнс у тым, што недзе стаіць вэб-камера і здымае бубен, а ў інтэрнэце людзі выстройваюцца ў чаргу, каб пабіць у яго.

«Чым меней ідэю можна недзе скарыстаць, так напэўна і цікавей. Бо прымяненне — гэта адразу такія рамкі для праграміста. А нам хацелася зрабіць хакатон, дзе людзі б рэалізоўвалі любыя ідэі, без абмежаванняў», — кажа Мікалай Барысюк, прадстаўнік галоўнага спонсару хакатону XB Software.

«Для дзяўчыны прыемна схадзіць на шопінг, яна траціць грошы на непатрэбныя рэчы. Яна робіць гэта свядома, бо ёй падабаецца сам працэс. У распрацоўшчыкаў тое сама. Я таксама раблю часам такія непатрэбныя рэчы, бо мне падабаецца сам працэс», — упэўнены Дзіма Дудзін.

Дарэчы, паляпшэнне працэсу шопінгу неаднаразова абмяркоўвалася айцішнікамі. Некаторыя з іх на фінальнай прэзентацыі паказалі нават цэлы спектакль пра тое, як можна лёгка рабіць пакупкі ў супермаркеце. Дапаможа адмысловая праграмка Easyshop, якая паказвае, дзе ў супермаркеце ляжыць пэўны тавар, а таксама мае магчымасць рэдагавання спісу пакупак. Напрыклад, пакуль жонка купляе садавіну ў адным канцы залі, муж у іншым канцы залі пабачыць у смартфоне, што грушы набываць ужо не трэба. Аўтары ідэі атрымалі прыз ад Imaguru — месяц бясплатнага каворкінга.

Разынку ў пераважна мужчынскае мерапрыемства дадалі некалькі дзяўчын-праграмістак, якіх не так ужо і часта можна сустрэць на падобных івэнтах. Дадатак, які навучае танчыць за 2 хвіліны, атрымаў прыз у намінацыі «Хак ад самай прыгожай дзяўчыны».

У намінацыі «Самы незразумелы хак» перамагла яшчэ адна дзявочая ідэя. «У сэнсе, самы незразумелы для мужчын хак», — выбачаліся прадстаўнікі журы. І сапраўды, ведалі б яны, як бывае цяжка зразумець, што знаходзіцца ў цябе ў шафе і што дзяўчатам насамрэч заўсёды няма чаго апрануць. Дадатак «Разумная шафа» дапамагае сістэматызаваць усю гэту інфармацыю і хутка паглядзець, што можна апрануць пры сённяшнім надвор’і, што зараз у пралцы ды таксама папярэдзіць сяброўку, каб тая не апранулася гэтак жа. Адзінае, што давядзецца ўсю інфармацыю пра сваю вопратку ўводзіць уручную. Гэтая амаль што цалкам дзявочая каманда ў хлапчуковым свеце праграмераў пачуваецца абсалютна спакойна.

«Адчуваю палёгку, бо калі я нешта зраблю не так, мне даруюць больш, чым даравалі б мужчыне. Увогуле тое, што праграміст — мужчынская прафесія, не зусім так. Напрыклад, мая матуля — праграміст і калі яна навучалася на маім факультэце прыкладной матэматыкі, там навучаліся адныя дзяўчыны», — кажа студэнтка Наста, адна з распрацоўніц «Разумнай шафы».

Галоўны прыз Xbox атрымала праграмка, якая будзе кіраваць скрыняй з ліхтарыкамі рознага колеру. Гэта можа быць і не скрыня, а брылёк для ключоў. Вы можаце задаць параметры такім чынам, што напрыклад, калі прыйдзе ліст, то загарыцца чырвоны ліхтарык.

Расказвалі праграмісты яшчэ, як знайсці чалавека, з якім быў пасаромеўся пазнаёміцца на прыпынку, дзе шукаць каманду, каб пагуляць у футбол ды тузін цікавых, але часам і зусім вар’яцкіх ідэй.

«Паспрабую правесці аналогію з Крэмніевай далінай. Калі ты там праводзіш шмат часу, то ўсё навокал пачынае раздражняць, бо там гучыць столькі тупых ідэй! Бо важны працэс стварэння, а не самі ідэі. І калі ты навучышся гэтаму творчаму працэсу, абавязкова прыйдзе і добрая сапраўдная ідэя», — кажа вядомы ў айцішных колах прадпрымальнік Taso DuVal, які таксама прысутнічаў у складзе журы.

Тасо сузаснавальнік і CEO кампаніі Toptal, такой своеасаблівай біржы працы для лепшых праграмістаў свету. У Беларусі ён упершыню, прыехаў па запрашэнні Imaguru, аднаго з арганізатараў хакатона. Але з мясцовай IT-індустрыяй знаёмы досыць блізка і запэўнівае, што адсотак крутых праграмераў сярод усіх праграмераў у нашай краіны адзін з самых найвышэйшых у свеце. Магчыма кажа так з ветлівасці, але ўсё адно прыемна.

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Рэзнікава 19:22, 26.11.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0525 seconds.