Самы старажытны ўніверсітэт Шатландыі прэзентуюць на адмысловай сустрэчы ў Мінску

9 кастрычніка ў Мінску пройдзе прэзентацыя самага старажытнага ўніверсітэта Шатландыі St. Andrews. Цікаўным распавядуць пра адукацыйныя праграмы і асаблівасці навучання ў Вялікабрытаніі. Адмысловы госць імпрэзы – Брус Бакнэл, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Арганізатары сустрэчы распавядуць пра навучальныя праграмы ўніверсітэта St. Andrews: менеджмент, фінансы і эканоміка, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, медыцына. Удзел у сустрэчы, якая пройдзе ў канферэнц-залі гатэлю «Мінск», абмежаваны – ёсць толькі 25 месцаў. Каб трапіць у спіс, неабходна загадзя запісацца па тэлефонах + 375 (17) 226-56-73, + 375 (29) 121-99-99. Прэзентацыя адбудзецца 9 кастрычніка ў 18:30, рэгістрацыя на месцы пачнецца ў 18:00.

Сэнт-Эндрускі ўніверсітэт – старэйшы ў Шатландыі і трэці паводле заснавання ў Вялікабрытаніі (саступае толькі Кембрыджу і Оксварду). Прэстыжная навучальная ўстанова знаходзіцца ў аднайменным горадзе. Сэнт-Эндрус размяшчаецца на ўсходзе Шатландыі, на самым узбярэжжы Паўночнага мора. Студэнты разам з жыхарамі старажытнага гораду жывуць літаральна ў казачных краявідах.

Універсітэт у Сэнт-Эндрусе быў заснаваны ў 1410 годзе, калі на землях сучаснай Беларусі валадарыў князь Вітаўт Вялікі. Але Сэнт-Эндрусу больш пашчасціла ў захаванні ўласнай гісторыі і ідэнтычнасці. Студэнты, якія прыязджаюць вучыцца ў горад, могуць не толькі здагадвацца пра былую веліч мясцовасці, але і бачыць яе на ўласныя вочы ў прыгожых старажытных будынках.

Сэнт-Эндрус – універсітэт з добрай рэпутацыяй і высокімі стандартамі выкладання, яго дыплом высока цэніцца ва ўсім свеце, навучальнай установа знаходзіцца цяпер на трэцім месцы ў рэйтынгу лепшых ВНУ Вялікабрытаніі. У карпусах Сэнт-Эндруса навучаюцца каля 6 тысяч студэнтаў, сярод якія блізу 25% замежнікаў.

Навучальная праграма, як тое і мусіць быць, вельмі насычаная, але і вольнага часу ў першакурснікаў хапае. Студэнты адпачываюць асабліва актыўна: нехта не прасыхае ад віскі ды піва па выходных, а нехта (часта і тыя самыя) не вылазяць з спартыўных клубаў.

Традыцыі прысвячэння навічкоў у студэнты ў брытанскіх універсітэтах асаблівыя. Фотаздымкаў пра гэты вясёлы працэс нямала ў Сеціве і з Сэнт-Эндруса, але найлепей пабачыць яго на ўласныя вочы. Ці хаця б пачуць ад відавочцаў на прэзентацыі ўніверсітэта Сэнт-Эндруса 9 кастрычніка ў гатэлі Мінск.

Фотаздымкі: Dunnock_D, Nuwandalice, Bethany Weeks, stu smith,  Flickr.com


Уні Вера 12:00, 29.09.2014 | Анонсы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0486 seconds.