Сяргей Міхалок: «Ідэя Brutto разарвала «Ляпіс» знутры»

Сяргей Міхалок апублікаваў ад імя свайго новага праекту Brutto «Запавет Ляпіса», у якім патлумачыў, што адбывалася ў гурце ў апошнія гады і тое, як паўстала ідэя Brutto.

«Запавет Ляпіса»

Праект пад назвай Brutto я задумаў пасля трылогіі «Agitpop» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Буферам паміж Brutto і «Ляпісамі» павінен быў стаць мой сольны альбом «Весёлые картинки». Падкрэсліваю, «Весёлые картинки» — гэта мая сумесная праца з маім сябрам з Кіева Віталём Цялезіным. Ні па канцэпцыі, ні па музычна-паэтычным ўвасабленні гэты альбом не мае нічога агульнага з рэвалюцыйна-эстрадным, святочным і агітбрыгадным «Ляпісам». Але роспуску «ЛТ» перашкодзілі палітычныя падзеі ў Рэспубліцы Беларусь. Нас пачалі прэсаваць, забараняць канцэрты, і роспуск групы ўспрынялі б як баязлівасць і маладушнасць. 

Я з'ехаў у Маскву і ўвасобіў частку песень для Brutto з «Ляпісамі» ў альбоме «Рабкор». Падкрэслю, што «Рабкор» — гэта мой суб'ектыўны, глыбока асабісты погляд на сучаснае мастацтва як метад агітацыі і ўздзеяння на масавую свядомасць. Ужо тады стала ясна, што частка музыкаў і прыхільнікаў «Трубяцкога» не падзяляе майго рэвалюцыйнага настрою і маіх дзёрзкіх, брутальных учынкаў. Ідэя Brutto разарвала «Ляпіс» знутры і прабілася праз дуты шар «ляпісаўскага» дабрабыту. Паніка, злосць, ярасць, замяшанне, крыўды і ўзаемная нянавісьць ахапілі аснову сіндыката Lyapis Crew і фанатаў групы. 

Я вырашыў сысці з «Трубяцкога» і стаў шукаць аднадумцаў для стварэння Brutto. Падчас падрыхтоўкі Brutto мы запісалі з «Ляпісамі» яшчэ адзін альбом «Матрёшка», паставіўшы тым самым тоўсты клічнік у фінале цярністага, супярэчлівага шляху гурта «Ляпіс Трубяцкі». Дзякуй сябрам за натхненне і цеплыню! Дзякуй ворагам за матывацыю і лютасьць! 

Ваш Міхалок, ён жа Сэрджыа Брута.

Традыцыйна, зразумець, дзе праходзіць мяжа паміж сцёбам і сур'ёзнымі словамі Міхалка, не проста. У тым ліку не зразумеў яе і былы прэс-аташэ «Ляпіса Трубяцкога» Аляксандр Бергер, які напісаў у сваім Facebook:

«Ребята, пора вызывать санитаров ) Пока других комментариев у меня нет».

На прэзентацыі альбому «Весёлые картинки», на самым апошнім вялікім канцэрце «Ляпіса Трубяцкога» ў Беларусі, які адбываўся ў Віцебску ў лютым 2011, Generation.by спытаў у Сяргея Міхалка: «Чаму пад час песьні "Я верю" на сцэне зусім не было Паўла Булатнікава? Яна настолькі інтымная і асабістая для Міхалка ці гэта толькі музычны ход такі?»

«У гэтым альбоме вельмі шмат маіх асабістых сноў, маіх успамінаў, людзей, пахаў, маіх, асабістых. Для мяне гэта ўвогуле но-ва-е. Як перадаць уздыхі, як перадаць колер з вакна якой-небудзь бальнічнай палаты? Усе гэтыя рэчы я цалкам адрубаў у час стварэньня «Агітпопа».

У гэтым альбоме я сьпяваю сам. А ня тое, што мы там пасварыліся. У наступным альбоме Паша будзе пець 5–6 песень. Абяцаю», — патлумачыў тады Сяргей Міхалок.


Юра Сідун 09:50, 05.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0434 seconds.