Басовішча – 2014: «Пуцін - х*йло» і дзеці

Басовішча

Generation.by зганяў на фестываль маладой беларускай музыкі, які сёлета адзначаў апошні юбілей своёй маладосці. Ва ўзросце 25 год цэнтрам увагі адвязнай музычнай пляцоўкі з водарам соснаў і піва апынуліся дзеці. Яны ж і зрабілі самую галоўную падзею на сцэне фестывалю. Паспрачацца за лідарства з дзецьмі беларускага року на сцэне змог толькі ўкраінскі гурт «Гайдамакі» са сваім варыянтам вядомага хіта пра лідара адной агрэсіўнай рэгіянальнай дзяржавы.

Уласна дзеці першых стваральнікаў «Басовішча» цяпер і ладзяць знакаміты студэнцкі фестываль польскага рэгіёну Падляшша, насельніцтва якога складаецца ў значнай ступені з этнічных беларусаў. Не глядзячы на крызіс увагі з боку наведнікаў, чарговае пакаленне стваральнікаў «Басовішча» трымае якасць брэнду. Другі год запар музыкі адзначаюць прагрэс у тэхнічнай арганізацыі фэсту, хаця размоваў пра арганізацыйныя моманты, з якіх раней у значнай ступені складаўся побыт жыхароў «Басовішча», стала меней. У сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя «Басовішча» знаходзілася на піку чаканняў і тады кожны імкнуўся выказаць сваю параду ці заўвагу арганізатарам галоўнага тады беларускага альтэрнатыўнага фэсту.

У 2014 годзе сталыя наведнікі «Басоў» ўсё так жа загаворніцкі паціскаюць адзін аднаму рукі, калі сустракаюцца пад соснамі знакамітага борыка, але ўжо амаль не вядуць хмяльных размоваў пра тое, як палепшыць фэст. Арганізацыяй фестывалю акрамя самаадданых студэнтаў з БАС другі год запар займаюцца прафесіяналы пад адміністраваннем фонду Villa Sokrates. А сталыя наведнікі «Басовішча» займаюць сябе метамарфозамі пахудання і набору вагі адразу некалькімі заўважнымі людзьмі з беларускай музычнай тусоўкі.

Басовішча

Замежныя і заможныя беларусы

Шмат цікавых гуртоў, што распачыналі першы фестывальны дзень, гэтым разам засталіся па-за ўвагай Generation.by. Яе адцягнула вялікая чарга на мяжы, якая надзейна падзяляе заможных беларусаў з Беларусі, якія едуць на закупы, ды этнічных беларусаў з пашпартамі Польшчы, якія прыдумалі сабе калісьці «Басовішча».

Замежнасць знакамітага фэсту беларускай альтэрнатыўнай музыкі прыцягвала раней на яго авантурныя маладыя гурты, якія бывала беларусізаваліся літаральна ў дарозе. Ходзіць нямала гісторый пра тое, як рускамоўныя каманды перакладалі свой рэпертуар непасрэдна ў аўтобусе, які вёз іх на «Басовішча». Хтосьці з тых гуртоў знік ужо на зваротным шляху ў Беларусь, хтосьці і цяпер ездзіць на «Басовішча», каб выйсці на сцэну ці патусіць вакол яе.

Басовішча

З тых часоў беларускамоўнасць у музыцы перастала імкнуцца выглядаць самадастатковым музычным стылем. Новыя пакаленні арганізатараў «Басовішча» пачалі эксперыменты з фарматам фестывалю. А конкурс маладых гуртоў урэшце не змог вытрымаць канкурэнцыю з сацыяльнымі сеткамі ў адкрыцці новых імёнаў беларускай музыкі. «Басовішча» паступова страціла ў Беларусі вобраз загадкавага замежнага фэсту, пасля перамогі на якім малады гурт атрымліваў шырокую ўвагу медыяў і слухачоў.

Новае «Басовішча» існуе ў кантэксце шчыльнай канкурэнцыі за ўвагу наведнікаў сярод беларускіх фэстаў і вялікіх музычных імпрэзаў суседніх краінаў. Традыцыйны бясплатны ўваход на «Басовішча» не робіць яму вялікай форы, бо асноўныя людзі, для якіх кошт квіткоў мае вырашальнае значэнне – беларускія студэнты – на фестываль апошніх год амаль не трапляюць з-за адсутнасці візавай падтрымкі. Больш заможныя патэнцыйныя наведнікі фестывалю з розных бакоў мяжы знаходзяць для сябе прасцейшыя забавы.

Басовішча

Са звужэннем плыні свежай беларускай аўдыторыі Басовішча вярнулася да вытокаў – фестываль цяпер усё болей успрымаецца як утульная пляцоўка «для сваіх». Паміж сваімі, асабліва самымі лакальнымі, як тое заведзена традыцыямі, горача палаюць нейкія спрэчкі і крыўды пра тое, што «загубілі справу». Такім чынам у борыку юбілейнага «Басовішча» сёлета не апынулася многіх стваральнікаў і людзей, што найбольш яскрава спрычыніліся да фестывалю ў розныя гады яго развіцця.

Дзеці беларускага року

Музычная праграма юбілейнага «Басовішча» не стала зачэпкай для апраўданняў, якія гучалі летась «не паеду, бо няма на каго туды ехаць». Гэтым разам меню фестывалю было разнастайным – і для тру-аматараў праверанай часам беларускай музыкі і для тых, хто любіць эксперыменты ў шырокай палітры смакаў.

Басовішча

Самым удалым эксперыментам, які надаў сёлетняма «Басовішчу» той самай урачыстай і кранальнай юбілейнасці стаў выступ дзетак з супольнага праекту «AB-BA Orkiestra» і беларускіх музыкантаў на чале з Лявонам Вольскім.

«Чарнобыль і радыяцыя – памірае наша нацыя», – спяваў хор з 25 дзетак беларусаў Падляшша, беларусаў, якія здолелі захаваць сваю ідэнтычнасць, не гледзячы на спакусы асіміляцыі дэмакратычнай польскай дзяржавай.

Стары хіт «Радыяцыя» мясцовага гурта «Кардон» гучаў у такім кантэксце асабліва пікантна.

Басовішча

Такім чынам у выкананні дзетак пры падтрымцы Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Аляксандра Памідорава і аўтара ідэі гэтага праекту Юркі Асенніка на сцэну «Басовішча» вярнуліся самыя культавыя песні беларускай рок-музыкі. Вяртанне гледачы зацанілі авацыямі і настальгіяй з верай у будучыню.

Апошнія некалькі год пашыраная прысутнасць дзетак пакрысе стварае новы вобраз «Басовішчу». Магчыма, надалей арганізатары падтрымаюць гэту фішку і зладзяць нешта адмысловае для тых, хто ідзе на фестываль з дзецьмі. Такі ход мог бы выцягнуць на «Басовішча» ранейшыя пакаленні наведнікаў з Беларусі, якія цяпер засцерагаюцца ехаць з дзецьмі на лясную паляну «да брудных польскіх панкаў».

«Ла-ла-ла-ла-ла...»

«Я ехаў сюды менавіта з-за іх!» – казалі мне незалежна адзін ад аднаго цэлы шэраг людзей перад выступам украінскага гурта «Гайдамакі», які выходзіў на сцэну ноччу другога дня.

Такім чынам да адвечнага «Жыве Беларусь!» на сцэне «Басовішча» дадалося моднае «Слава Ўкраіне! Героям слава!», а замацаваць інтэграцыйны поспех гурт «Гайдамакі» вырашыў з дапамогай сваёй версіі вядомага хіта харкаўскіх ультрас «Пуцін – хуйло! Ла-ла-ла-лай...»

Гайдамакі

Казацкі рок свабодалюбівых ўкраінцаў гэтым разам не проста дадаў новых музычных смакаў у палітру моладзевага фэстывалю беларускай этнічнай меншасці Польшчы. Дзякуючы з'яўленню на сцэне і пад ёй блакітна-жоўтых сцягоў, «Басовішча» вырвалася з свайго лакальнага кантэксту і прыгадала, што праходзіць у рэгіёне, дзе неадэкватныя палітыкі аддаюць загады збіваць студэнтаў на плошчах і самалёты ў небе.

Болей фотаздымкаў:

Як выглядае «Басовішча» ў свае 25


Юра Сідун 12:19, 22.07.2014 | Басовішча |




comments powered by Disqus
 
In 0.0585 seconds.