Школьніца з Баранавіч перамагла на міжнароднай алімпіядзе па расейскай мове з сачыненнем пра беларускую мову

 

На міжнароднай алімпіядзе па расейскай мове перамагла баранавіцкая дзевяцікласніца, якая напісала сачыненне пра беларускую мову. І паступіла ў расейскую ВНУ за два гады да паступлення. Баранавіцкае выданне Інтэкс-прэс піша пра падрабязнасці гэтай гісторыі.

Міжнародная алімпіяда па расейскай мове для краін СНД, Балтыі, Грузіі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прайшла ў Маскве з 23 па 27 чэрвеня. У каманду Беларусі ўвайшлі 10 чалавек, у тым ліку выпускніца 9 класа баранавіцкай гімназіі №2 Юлія Емельяновіч.

У алімпіядзе было тры абавязковыя этапы — сачыненне, вусны лінгвістычны і іспыт па расейскім краіназнаўстве.

Юлія набрала найвышэйшы бал у сваёй камандзе і стала адной з пяці пераможцаў у намінацыі «абсалютны пераможца».

«Я выбрала вольную тэму «Я хачу расказаць вам пра…» і пісала пра беларускую мову. Для мяне гэта блізкая тэма, я распавядала ў сачыненні пра фанетычныя асаблівасці, пра гісторыю мовы, рэформы, пра тое, што ў ёй ёсць два алфавіты, дзве арфаграфічныя сістэмы, а таксама пра сучасную папулярызацыю сярод моладзі і інтэлігенцыі», — распавяла Юлія.

Сёлета дзяўчына наведвала беларускамоўныя курсы «Мова нанова» у Баранавічах і пачала размаўляць па-беларуску. Зрэшты, яна захапляецца і іншымі мовамі.

«Я вывучаю расейскую, англійскую, нямецкую, польскую, лічу, што мовы вельмі важныя. Як казаў Вальтэр, «ведаць шмат моў — значыць мець шмат ключоў да аднаго замка», — кажа яна.


Фота: Дзмітрый Макарэвіч

За перамогу Юля атрымала магчымасць бясплатна вучыцца ў любой расейскай ВНУ. Яна кажа, што хутчэй за ўсё, скарыстаецца гэтым, аднак з'язджаць назаўжды з Беларусі не хоча.

«Плюс у тым, што Расія ўваходзіць у Балонскі працэс, і мой дыплом будзе каціравацца ва ўсім свеце. Пасля універсітэта я б хацела паехаць папрацаваць у Еўропе, а потым вярнуцца ў Беларусь, ажыццяўляць і развіваць культурныя ідэі, напрыклад, папулярызацыі беларускай мовы як сродку міжславянскіх зносін», — гаворыць Юлія.

Вольга Шыракаступ, Intex-press


20:34, 08.07.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0477 seconds.