ЕГУ заняў трэцяе месца ў рэйтынгу шасці прыватных універсітэтаў Літвы

ЕГУ

Літоўскае некамерцыйнае выданне «Reitingai» апублікавала свой рэйтынг літоўскіх універсітэтаў і каледжаў за 2014 год. У агульным рэйтынгу Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт займае трэцяе месца сярод шасці прыватных універсітэтаў, паведамілі Generation.by у ЕГУ.

Першае месца сярод дзяржаўных ВНУ атрымаў Віленскі ўніверсітэт, а сярод прыватных — Універсітэт кіравання і эканомікі ISM.

У дадатак да агульнага рэйтынгу, «Reitingai» змяшчае разбіўку рэйтынгаў кожнага ўніверсітэта паводле сямі катэгорыяў. У сёлетнім рэйтынгу ЕГУ займае найвышэйшую пазіцыю сярод прыватных літоўскіх універсітэтаў па катэгорыях навуковых даследаванняў і дасягненняў выкладчыкаў, а таксама па адсоткавых суадносінах «студэнты-выкладчыкі».

У артыкуле адзначаецца, што ЕГУ вылучаецца сярод астатніх універсітэтаў прызнанымі на міжнародным узроўні выкладчыкамі, высокай якасцю навуковых даследаванняў, колькасцю выкладчыкаў, што маюць доктарскую ступень і інш.

«Гэты рэйтынг паказвае, што дзякуючы вялікім высілкам ЕГУ ўжо дасягнуў поспеху — нягледзячы на тое, што гэты беларускі ўніверсітэт у выгнанні з’явіўся ў Літве толькі восем гадоў таму, калі ён быў тут адноўлены ў складаных умовах», — адзначыў прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыі Дарус Удрыс.

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, аднак у 2004 г. быў закрыты беларускімі ўладамі. Пасля пераезду ў Вільню ён быў зарэгістраваны як літоўская вышэйшая навучальная ўстанова ў 2006 г. Ва ўніверсітэце навучаюцца пераважна беларускія студэнты.

ЕГУ ўдзельнічае ў нацыянальным рэйтынгу ўніверсітэтаў Літвы ўжо другі год.

15:50, 26/05/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0607 seconds.