У ЕГУ завершаны адбор выкладчыкаў, з якімі будуць падпісаныя 5-гадовыя працоўныя дамовы
У ЕГУ выбралі першых 17 выкладчыкаў, якім будзе прапанавана падпісаць працоўныя дамовы на 5-гадовы тэрмін з поўнай занятасцю, каб выкладаць і праводзіць навуковыя даследаванні ў межах універсітэта.
У склад Камісіі па найме выкладчыкаў, якая ажыццяўляла адбор, уваходзіла сем прадстаўнікоў універсітэта і тры знешнія эксперты: з Германіі, Люксембурга і Швецыі, паведамляюць у ЕГУ.
«Камісія па найме выкладчыкаў атрымала больш за 120 заявак на заняццё пасадаў на ўмовах поўнай занятасці. У выніку ўважлівага вывучэння рэзюмэ і матывацыйных лістоў прэтэндэнтаў Камісія выбрала 32 кандыдата для запрашэння на сумоўе. Сумоўі прайшлі бесперашкодна і згодна з планам», – паведаміў галоўны аперацыйны дырэктар ЕГУ Дэвід Полік.
З 17 выбраных кандыдатаў 15 з'яўляюцца чальцамі цяперашняга прафесарска-выкладчыцкага складу ЕГУ. Увосень, ад пачатку 2014/15 навучальнага года, яны распачнуць працу ў адпаведнасці з новымі працоўнымі дамовамі поўнай занятасці.
Выкладчыкі, якія атрымаюць прапанову падпісаць працоўныя дамовы поўнай занятасці на 5-гадовы тэрмін:
- Горных Андрэй Анатольевіч
- Усманава Альміра Рыфаўна
- Сялецкі Сяргей Міхайлавіч
- Арлова Галіна Анатольеўна
- Фурс Вераніка Уладзіміраўна
- Любімаў Сяргей Паўлавіч
- Сасункевіч Вольга Міхайлаўна
- Пігальская Ала Міхайлаўна
- Пупцаў Аляксандр Яўгеньевіч
- Маркава Алена
- Стурэйка Сцяпан Андрэевіч
- Вашкевіч Аляксандр Яўгеньевіч
- Раўлушавічус Павелас
- Цімафееў Максім
- Шчытцова Таццяна Валер'еўна
- Сцяпанаў Андрэй Сяргеевіч
- Чуліцкая Таццяна Уладзіміраўна
Цяпер універсітэт гатовы да пераходу да другога этапа рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу ЕГУ. Этап будзе складацца з унутранага конкурсу сярод цяперашніх выкладчыкаў ЕГУ на заняццё пасадаў у эквіваленце да 40 поўных ставак. Адбор выкладчыкаў на гэтыя пасады будзе залежаць ад патрэбаў універсітэцкай нагрузкі. Універсітэт збіраецца прапанаваць выбраным выкладчыкам працоўныя дамовы на 2-гадовы тэрмін.
Мэтай рэформы прафесарска-выкладчыцкага складу ЕГУ адміністрацыя ўніверсітэта называе паляпшэнне ўмоваў працы выкладчыкаў і ўмацаванне агульнай якасці адукацыі і навуковых даследаванняў у ЕГУ.
Тым часам Кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літоўскай рэспублікі задаволіў у канцы красавіка пададзеную Сенатам ЕГУ скаргу аб парушэннях у дзеяннях кіраўніцтва універсітэта, у тым ліку звязаных з правядзеннем конкурсу на выкладчыцкія пазіцыі.
Адміністрацыя ЕГУ не пагаджаецца з рашэннем Кантралёра і працягвае праводзіць конкурс у адпаведнасці з рэкамендацыяй юрыста, на думку якога Кантралёр перавысіў свае поўнамоцтвы.