«Reaĺnaść i sny» — гурт Akute выдаў новы альбом

Магілёўскі гурт Akute прэзентаваў сёння свой трэці студыйны альбом альбом «Reaĺnaść i sny».

«Мы абсалютна спустошаныя гэтым альбомам, – кажа бас-гітарыст і аўтар песен гурта Раман Жыгараў. – Здаецца ў гэты раз усё атрымалася дакладна так, як нам бы хацелася. У яго архітэктуры для нас няма ніводнай хібы».

Akute

У альбом «Рэальнасць і сны» увайшло 9 арыгінальных кампазіцый і два каверы на беларускі гурт ULIS («Як на далоні» і «Марнатраўны сын»).

Новая плытка Akute запісвалася цягам 2013 году ў Магілёве Дзянісам Манёнкам на студыі Arzamas 16 і Андрэем Немянковым на студыі SWN Records. Міксаваннем і майстарынгам займаўся Зміцер Іваней на iVaneySound (Кіеў).

«Гэта наш трэці студыйны альбом, – кажа вакаліст Akute Станіслаў Мытнік. – Мы падыйшлі да запісу больш сур’ёзна і, шчыра кажучы, не бачым сэнсу нешта тлумачыць наконт яго – музыка павінна гаварыць за сябе сама, таму проста паслухайце, калі ласка, і прыходзьце на канцэрты».

Спампаваць альбом Akute «Рэальнасць і сны» можна на мультылэйбле «Пяршак». А пачуць ужывую новыю праграму Akute можна будзе сёння, 11 красавіка, у мінскім клубе «RE:PUBLIC». Прэзентацыі ў іншых гарадах: Магілёў («Куба», 20.04), Гродна («Хавайся ў бульбу 2014», 25.04), Брэст («Сфера», 26.04), Масква (Artefaq, 01.05), Наваполацк (ГДК, 18.05).


16:00, 11.04.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0437 seconds.