У Менску зладзяць StartUpСабантуй

15 траўня на базе бізнес-клуба IMAGURU у Мінску пройдзе StartUpСабантуй — маштабная падзея для стваральнікаў ІТ-стартапаў.

Партнёрам мерапрыемства выступіць беларускі праект па зборы інавацыйных ідэй StartIdea.by, які ў асобе Дзяніса Кандратовіча распытаў у расійскіх калег аб тым, што плануецца на мерапрыемстве і што ўласна з сябе ўяўляе StartUpСабантуй.

Распавядзіце больш падрабязна, што такое StartUpСабантуй?

StartUpСабантуй – гэта вонкавы праект ІТ-парку, накіраваны на развіццё стартап-супольнасці СНД і падтрымку перспектыўных ІТ-стартапаў. Зараз больш падрабязна. ІТ-парк – гэта тэхнапарк у Татарстане. Трэба адзначыць, што Татарстан цяпер у Расеі займае адно з вядучых месцаў па падтрымцы развіцця ІТ-тэхналогій і стартапаў. Чаго толькі варта наяўнасць двух самых вялікіх ІТ-паркаў у Расіі і будаўніцтва асобнага горада Іннопаліс для айцішнікаў. Два гады таму, у 2012 годзе, перад адкрыццём другой пляцоўкі ІТ-парку ў г. Набярэжныя Чалны з'явілася ідэя з'ездзіць у гарады Паволжа і пагутарыць са стартаперамі з іншых гарадоў Расіі. На той момант стартап-супольнасць у астатніх рэгіёнах была толькі на стадыі зараджэння. Таму цяжка было знайсці партнёраў і стартапы, а потым сабраць усіх у адным месцы. Затое зараз можна з упэўненасцю сказаць, што ў некаторых гарадах фармаванне стартап-супольнасці пачалося з Сабантуя. У 2013 годзе было прынята рашэнне пашырыць геаграфію экспедыцыі на ўсю Расію. Тады ўжо і з'явіўся Russian Startup Tour, адным з арганізатараў якога з'яўляецца Сколкава.

У гэтым годзе было прынята рашэнне пашырыць геаграфію экспедыцыі ўжо на краіны СНД. Трэба разумець, што мы не проста адпраўляемся ў вандроўкі, а «сеем дабро» і дапамагаем стартапам. За два гады экспедыцыі і ўзмоцненай працы з праектамі ІТ-парку мы напрацавалі вялікі досвед дапамогі стартапам. Мы ўзялі адну з лепшых трохдзённых адукацыйных праграм Start in Garage, спрасцілі і скарацілі яе да аднаго дня (пры гэтым не скараціўшы карыснасць праграмы) і цяпер выкладаем праектам у гарадах, якія наведваем. Таксама мы вязем з сабой венчурныя фонды, для якіх праводзім інвестыцыйную сесію з праектамі.

Усё гэта ў сукупнасці дае вялікі эфект. Так, па выніках StartUpСабантуй 2012-2013, адразу чатыры стартапы атрымалі інвестыцыі на суму больш чым у 2,4 мільёны даляраў, на падыходзе яшчэ 15 каманд, з якімі вядуцца перамовы.

Якія гарады ў гэтым годзе закране праект?

На гэты раз экспедыцыя наведае 11 гарадоў Расіі, а таксама Мінск і Алма-Ату. У некаторыя з гарадоў мы ездзілі ў мінулыя экспедыцыі, некаторыя з'яўляюцца для нас новымі. Цалкам новым для нас будзе вандроўка ў краіны СНД: у Беларусь і Казахстан. Мы спадзяемся, што наш прыезд у Мінск стане пачаткам супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Татарстанам. Мы зараз хочам наладзіць партнёрскія адносіны з бізнес-інкубатарамі і стартап-супольнасцямі іншых краін і запусціць пару сумесных праграм. Таксама некаторыя з праектаў нашага Тэхнапарка разглядаюць рынак вашай краіны, як адзін з патэнцыйных, і мы спадзяемся, што гэтая вандроўка дапаможа ім у будучыні ў выхадзе на яго.

Што чакае прадстаўнікоў стартап-праектаў у Мінску?

15 траўня стартапы чакае вельмі насычаны дзень, насычаная праграма, стасункі з экспертамі, арганізатарамі Сабантуя і прадстаўнікамі венчурных фондаў. Мы чулі пра добрых праграмістаў і стартапы з Беларусі і хацелі пазнаёміцца з імі. Гэта наш першы прыезд у вашу краіну, таму мы асабліва старанна рыхтуемся да яго. Думаем, што мы крыху дапоўнім праграму майстар-класамі пра спецыфіку выхаду стартапаў на расійскі рынак.

Самае цікавае, што ажывіліся і венчурныя фонды, якія даведаліся, што мы едзем у Мінск. Думаю, 15 траўня з Расіі прыедзе вялікая каманда экспертаў. Некалькі дзён таму з намі нават звязаўся адзін з інвестараў, якому мы яшчэ не паспелі даслаць запрашэнне на Сабантуй, з прапановай паехаць з намі ў Мінск. Для інфармацыі, звычайна мы самі выходзім на фонды і клічам іх з сабой.

Цяпер галоўнае сабраць усе ІТ-стартапы Мінска ў адзін дзень. Мы зараз вядзем збор заявак на StartUpСабантуй, таму запрашаем усіх зайсці на наш сайт і зарэгістравацца. Мерапрыемства бясплатнае, таму абавязкова далучайцеся да нас!

Што ўвойдзе ў праграму мерапрыемства 15 траўня?

Усіх прысутных чакаюць майстар-класы ад вядучых экспертаў ІТ-супольнасці, ментарская сесія і прэзентацыі праектаў перад запрошанымі фондамі. Мы хочам арганізаваць жывы дыялог паміж усімі ўдзельнікамі мерапрыемства. Наша каманда ІТ-парку падзеліцца сваім досведам бізнес-інкубіравання, раскрые сакрэты хуткага росту і прыцягнення інвестыцый.

Цвіком праграмы стане аўтарскі трэнінг ад RIS Ventures Start in Garage – інтэнсіўная адукацыйная праграма для прадпрымальнікаў, якія займаюцца бізнесам у сферы інтэрнэту, воблачных сэрвісаў і распрацоўкі праграмных прадуктаў. Курс заснаваны на матэрыялах вядучых сусветных бізнес-школ, сярод якіх MIT Sloan School of Management, Harvard Business School і многія іншыя.

Па выніках пітч-сесіі мы абярэм стартап-батыру, які ў якасці падарунка атрымае татарскую цюбецейку і квіток на стартап-школу, якая пройдзе ў Набярэжных Чаўнах з 9 чэрвеня і завершыцца вялікім DemoDay з 30 вядучымі венчурнымі фондамі.

Як мы ўжо казалі, гэта будзе вельмі насычаны дзень. Мы з нецярпеннем чакаем прыезду ў Мінск, знаёмства з мясцовымі праектамі і арганізатарамі. Вялікі дзякуй StartIdea.by і бізнес-клубу IMAGURU за лакальную падтрымку мерапрыемства і спагадлівасць. Чакайце нас 15 траўня ў Мінску!

Каб стаць удзельнікам мерапрыемства, неабходна абавязкова прайсці рэгістрацыю на сайце. Атрымаць больш падрабязную інфармацыю можна па тэлефоне 8 (8552) 40-91-55 або па электроннай скрыне Mansur.Nizamov@tatar.ru. Афіцыйны сайт праекта: www.startupsabantuy.com

14:11, 28/03/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.2706 seconds.