Experty.by агучылі склад замежнага журы
25 лютага пры падтрымцы «Атлант Тэлекам» знойдуць сваіх гаспадароў узнагароды Experty.by лепшым беларускім альбомам. У вызначэнні пераможцаў традыцыйна ўзялі ўдзел музычныя крытыкі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.
Склад замежнага журы абнаўляецца кожны год. Гэтым разам у яго ўвайшлі: Марыюш Хэрма (штотыднёвік Polityka, Польшча), Аляксей Мажаеў (інф. агенцыя Intermedia, Расія), Яўген Шабацін (сайт Topmusic.in.ua, Украіна), Нормундс Вуцанс (сайт Eroks.lv, Латвія) і Домас Кунчынас (сайт Ore.lt, Літва).
Кожны з іх праслухаў 47 беларускіх альбомаў 2013 году і на падставе гэтага склаў свой топ-10, які затым быў пералічаны ў балы. «Дзясяткі» замежных (як і беларускіх) экспертаў з падрабязнымі каментарамі будуць апублікаваныя пасля ўзнагарод на сайце Experty.by.
– У гэтым годзе значнасць галасоў замежных экспертаў істотна падвысілася. Згодна з абноўленым рэгламентам іх меркаванне ўлічваецца ва ўсіх галоўных намінацыях, у тым ліку ў галоўнай – "Альбом года". Пры гэтым за імі захаваны незалежны спецыяльны прыз, – адзначае кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.
– Замежныя крытыкі часцяком бачаць беларускую музыку зусім па-іншаму. Гэта дадае ўзнагародам з аднаго боку інтрыгі, з іншага – аб’ектыўнасці. Бо глядзець на ўсё толькі з лакальных пазіцый – заведама памылковы шлях, – лічыць адзін з пазаштатных экспертаў сайта культуролаг Максім Жбанкоў.
Пераможца намінацыі «Альбом года» ў гэты раз атрымае галоўны прыз: рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта ад інтэрнэт-правайдара «Атлант Тэлекам», генеральнага партнёра ўзнагарод. Уладальнік прыза «Лепшы беларускамоўны альбом» атрымае падтрымку ад грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"
За перамогу ў намінацыі «Альбом года» паспрачаюцца нью-джазавы праект Pafnutiy’s Dreams, культавы музыка Сяргей Пукст (Pukstband), іранічныя рокеры The UNB і гомельскі электроншчык (((О))). Пазнаёміцца з поўным спісам намінантаў і паслухаць іх запісы можна на сайце Experty.by.
Прэмія Experty.by існуе з 2008 года. Уладальнікамі галоўных узнагарод станавіліся «Ляпіс Трубяцкі» і «Троіца» (2008), The Toobes (2009), «Дзецідзяцей» (2010), «Троіца» (2011), «Серебряная свадьба» і Зміцер Вайцюшкевіч (2012).