«Будзьма» адзначыць лепшы беларускамоўны альбом 2013

Пры канцы лютага ў межах шостых узнагарод Experty.by будзе абвешчаны лепшы беларускамоўны альбом 2013. Пераможца намінацыі атрымае рэкламна-інфармацыйную падтрымку свайго канцэрта ад грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Узнагароды Experty.by штогод адзначаюць лепшыя беларускія музычныя альбомы па меркаванні музычных крытыкаў. Намінацыя «Лепшы беларускамоўны альбом» упершыню была прэзентаваная на ўзнагародах па выніках 2009. Сярод яе пераможцаў «Глюкі» (альбом "Ідыятызм", 2009), «Дзецідзяцей» (альбом "Рух", 2010), «Троіца» (альбом "Зімачка", 2011) і Зміцер Вайцюшкевіч (альбом "Ваячак", 2012).

У гэтым годзе пераможца ў намінацыі будзе абраны па меркаванні чатырох журы, два з якіх складаюцца з беларускіх крытыкаў, адно з замежных (Латвія, Літва, Польшча, Расія, Україна) і яшчэ адно з найбольш актыўных карыстальнкаў сайта.

– Мы аднолькава добра ставімся да беларускіх альбомаў на розных мовах, але лічым, што паколькі мы жывем у Беларусі, у межах асобнай намінацыі варта дадаткова звяртаць увагу на лепшыя беларускамоўныя працы. Мы радыя, што ў гэтым годзе дзякуючы "Будзьма беларусамі!" атрымаецца пераможцу не толькі ўзнагародзіць, але і практычна падтрымаць, – тлумачыць кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны.

– Нас вельмі цешыць, што ёсць творцы, якія сваім уласным прыкладам дэманструюць, што беларуская музыка, як і беларуская культура агулам, актуальная, модная, сучасная, і што беларуская мова ўжо стала ўстойлівым трэндам. Таму мы хочам дапамагчы ў тым, каб пра альбом пераможцаў гэтай намінацыі даведалася як мага больш людзей, – адзначыла каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская.

Нагадаем, што рэкламна-інфармацыйную падтрымку свайго канцэрта таксама атрымае пераможца галоўнай намінацы «Альбом года». Адбудзецца гэта дзякуючы генеральнаму партнёру ўзнагарод інтэрнэт-правайдару «Атлант Тэлекам». Рэгламент узнагародаў глядзіце на сайце www.experty.by.

12:47, 06/02/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0591 seconds.