Experty.by назавуць лепшы інструментальны альбом

Арганізатары ўзнагарод Experty.by абвесцілі абноўлены рэгламент прэміі лепшым беларускім музычным альбомам. У гэтым годзе пераможцы будуць вызначаныя ў 11 намінацыях, большасць з іх - па галасах чатырох журы.

Да стылістычных намінацый (лепшы поп, рок і фолк-альбом) у гэтым годзе дададзены «Лепшы інструментальны альбом», які будзе абраны з ліку адрэцэнзаваных на сайце прац без уліку музычнага напрамку.

Зміцер Падбярэзскі

— У апошнія гады гэтая ніша ў Беларусі пашыраецца і становіцца ўсё больш значнай. З аднаго боку выходзяць альбомы жывой музыкі - джаз, інструментальныя працы гітарыстаў, фолкавыя. З іншага - набірае абароты беларуская электроніка. Змяшэнне стыляў у гэтай намінацыі робіць яе толькі больш цікавай, — лічыць адзін з аўтараў праекта Зміцер Падбярэзскі.

Раней было абвешчана, што галоўнай узнагародай прэміі стане «Альбом года», які з гэтага году будзе вызначацца па галасах чатырох экспертных журы. А менавіта: штатных экспертаў (6 беларускіх крытыкаў), вялікага журы (16 беларускіх крытыкаў), замежных экспертаў (Літва, Латвія, Польшча, Расія, Украіна) і народных экспертаў. На гэты ж прынцып пяройдуць амаль усе іншыя намінацыі.

Зміцер Безкаравайны

— Дагэтуль пераможцы ў стылістычных намінацыях, а таксама лепшы беларускамоўны і дэбютны альбомы вызначаліся па галасах штатных экспертаў. Мы вырашылі, што больш аб'ектыўна будзе вызначаць іх па галасах усіх чатырох журы, з улікам усіх пунктаў гледжання. Як звычайна, анкеты ўсіх сябраў журы будуць апублікаваныя на нашым сайце пасля ўзнагарод, — адзначыў кіраўнік праекта Зміцер Безкаравайны.

Нагадаем, што пераможца ўзнагароды "Альбом года" атрымае галоўны прыз - рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта ад генеральнага партнёра прэміі інтэрнэт-правайдара "Атлант Тэлекам" і праекта Experty.by. Інфармацыйны партнёр прэміі і канцэрта пераможцы — беларускі партал TUT.BY.

Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбудзецца пры канцы лютага. З тэкстам абноўленага рэгламенту можна азнаёміцца на сайце www.experty.by.

21:02, 29/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0754 seconds.