На ўзнагародах Experty.by з’явіцца галоўны прыз

Пры канцы лютага ў Мінску адбудзецца шостая цырымонія ўзнагарод Experty.by лепшым беларускім альбомам у стылістыцы рок, поп, фолк, альтэрнатыва па меркаванні музычных крытыкаў. Генеральны партнёр прэміі - інтэрнэт-правайдар «Атлант Телэкам».


«Ваячак» Змітра Вайцюшкевіча — лепшы альбом 2012 года // Фота Юлі Сакалоўскай

Пасля пяці год амаль нязменнага рэгламенту, у гэтым годзе прэмія будзе адзначана шэрагам змен. Першая з іх — з'яўленне галоўнай намінацыі «Альбом года» (дагэтуль была роўнай тром іншым). Пераможца ў ёй будзе вызначаны па галасах чатырох журы: штатных экспертаў, вялікага журы (16 беларускіх крытыкаў), замежных экспертаў (з Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Украіны) і народных экспертаў (карыстальнікі сайта).

Але нават больш істотна іншае - пераможца гэтай намінацыі ўпершыню будзе атрымліваць не проста сімвалічны прыз, а паўнавартасную рэкламна-інфармацыйную падтрымку ўласнага канцэрта. Ён павінен адбыцца цягам трох месяцаў пасля абвяшчэння вынікаў прэміі.

— Усе гэтыя гады у межах наград мы намагліся звярнуць увагу на лепшую беларускую музыку, але бачылі, што часцяком ёй проста не хапала рэсурсаў для прамоцыі. Адгэтуль ў межах галоўнага прыза мы будзем забяспечваць не толькі фармальнае вызнанне крытыкамі і СМІ, але і практычную дапамогу ў папулярызацыі творчасці пераможцы, - адзначае кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

—Музычная прэмія - гэта не проста раздача прызоў, а ў першую чаргу падтрымка музыкаў і іх творчасці і магчымасць звярнуць на яго ўвагу публікі. Сучасная беларуская культура заўжды была часткай філасофіі "Атлант Тэлекам", таму мы радыя працягнуць супрацоўніцтва з прэміяй Experty.by і вітаем яе развіццё, — гаворыць кіраўнік аддзелу маркетынга кампаніі Таццяна Абрамчук.

Узнагароды Experty.by існуюць з 2008 года. Дзве з чатырох галоўных узнагарод на мінулай цырымоніі (за 2012 год) атрымаў гурт "Серебряная свадьба" за альбом "Laterna Magica". У 2011 годзе па-за канкурэнцыяй была "Троіца" з альбомам "Зімачка", у 2010 - "Дзецідзяцей" з альбомам "Рух", у 2009 - The Toobes з альбомам "Hello".

16:30, 24/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0526 seconds.