Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў «Cinema Perpetuum Mobile» запрашае правесці паказ у вашым горадзе
Трэці Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў «Cinema Perpetuum Mobile» (CPM) прапануе арганізаваць паказы спецыяльнай праграмы ў вашым горадзе, вёсцы або паселішчы.
У красавіку 2014 фестываль пройдзе ў кінатэатрах і на культурных пляцоўках Мінска, а таксама ў іншых абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. Мерапрыемствы адбудуцца таксама за межамі краіны ў якасці партнёрскага супрацоўніцтва з беларускімі культурнымі суполкамі і іншымі кінафестывалямі. Такiм чынам, фестываль кожны год пашырае сваю геаграфію, у тым ліку і дзякуючы гарадам, якія далучаюцца да фестывальных паказаў .
Каб далучыцца да фестывальнага руху трэба паведаміць пра сваё жаданне арганізаваць паказ, запоўніўшы форму на сайце.
Кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile быў заснаваны ў 2011 годзе супольнасцю энтузіястаў — кінаманаў "Kinaklub.org". Фестываль накіраваны на прасоўванне незалежнага, аўтарскага кінематографа; падтрымку культурнай разнастайнасці ў кіно, а таксама стварэння пляцоўкі для дыялогу паміж кінематаграфістамі, кiносуполкамi і звычайнымі кінааматарамi па ўсім свеце.
У 2013 годзе ў СРМ прынялі ўдзел фільмы больш чым з 40 дзяржаў, а самі паказы прайшлі ў 11 буйных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Мінску, а таксама ў 15 іншых краінах свету. У фестывалі 2014 года на папярэдніх праглядах прынялі ўдзел больш за 800 фільмаў з 79 краін.