ЕГУ правёў апытанне актыўных выпускнікоў за ўвесь час працы ўніверсітэта
Прэс-служба Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта распаўсюдзіла прэс-рэліз «Большасць выпускнікоў ЕГУ працуе і жыве ў Беларусі». Гэта вынікае з апытання, якое ўпершыню было праведзенае сярод усіх выпускнікоў установы. Апыталі і тых, хто паспеў скончыць універсітэт у Беларусі і тых, хто вучыўся ўжо ў Вільні.
«Больш за 60% выпускнікоў ЕГУ жыве ў Беларусі, і пераважная большасць працаўладкаваная. Гэткая інфармацыя па выпускніках ЕГУ, сярод іншых звестак пра іх, была атрыманая ў выніку правядзення першага ўсеагульнага апытання выпускнікоў ЕГУ», — паведаміла Generation.by прэс-служба ўніверсітэта.
Паводле атрыманых вынікаў, больш за 90% выпускнікоў ЕГУ маюць працу, і пераважная большасць згодная са сцверджаннем, што падрыхтоўка, атрыманая ў ЕГУ, дапамагла ім дасягнуць поспеху. Каля паловы выпускнікоў ЕГУ працуюць у прыватным сектары эканомікі, улучна з незалежнымі СМІ, няўрадавымі арганізацыямі і прыватнымі кампаніямі. 19% маюць уласны бізнэс, а 11% працуюць на беларускія дзяржаўныя ўстановы.
«Адукацыя ў ЕГУ дала мне, перадусім, магчымасць і волю да самастойнага мыслення, інструменты для крытычнага мыслення і сацыяльнага і культурнага аналізу, — адзначае Аляксандра Ігнатовіч, якая сёлета была абраная Выбітнай выпускніцай ЕГУ. — Акрамя таго, навучанне ў ЕГУ па праграме медыя дало мне трывалы грунт для стварэння фільмаў і праектнай дзейнасці. І што насамрэч істотна: ЕГУ даў мне моцнае пачуццё супольнасці і групу падтрымкі па ўсім свеце».
Усеагульнае апытанне выпускнікоў ЕГУ праводзілася ўпершыню. Да ўдзелу ў ім запрашаліся ўсе выпускнікі, якія скончылі ЕГУ ў мінскі і віленскі перыяды. Удзел у апытанні ўзялі 47% актыўных выпускнікоў (289 рэспандэнтаў сярод 611 выпускнікоў, якія падтрымліваюць кантакт з ЕГУ).
Амаль 70% рэспандэнтаў сцвярджаюць, што ЕГУ натхніў іх на праяўленне больш актыўнай грамадзянскай пазіцыі, а таксама больш за 70% адзначаюць, што дзякуючы ЕГУ яны пачалі больш шанаваць сваю беларускую спадчыну. Пераважная большасць зазначыла, што ім падабаецца падтрымліваць сувязь з былымі аднагрупнікамі і што яны хацелі б далучыцца да мясцовых клубаў выпускнікоў ЕГУ.
Alumni EHU 2013, фота прадстаўлена прэс-службай ЕГУ
Цяперашняя кампанія па прыцягненні выпускнікоў распачалася ў ЕГУ ў 2011 годзе. Па словах каардынатара па сувязях з выпускнікамі Андрэя Храпавіцкага (бакалаўрская праграма «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні», 2010 год выпуску), за гэты час ЕГУ зладзіў шэраг міні-сустрэч выпускнікоў у далёкіх і блізкіх гарадах (ад Нью-Ёрку да Санкт-Пецярбургу). Па дзве вялікія сустрэчы выпускнікоў прайшлі ў Мінску і Вільні, адпаведна.
Два гады таму шмат шуму нарабіла публікацыя Generation.by на аснове лічбаў, што былі апублікаваныя на сайце студэнцкай супольнасці ЕГУ. З лічбаў вынікала, што «У Беларусь не вярнуліся дзве траціны выпускнікоў ЕГУ». Універсітэт у адказ даслаў рэдакцыі Generation.by ліст-тлумачэнне пра тое, што адбылася памылка адміністратараў сайта. Сярод іншых заўвагаў адміністрацыя ўніверсітэту падкрэсліла, што «Большасць выпускнікоў ЕГУ «віленскага перыяду» на цяперашні час жывуць у Беларусі».