Гурт BosaeSonca запісаў «жывы» альбом са струнным трыо

Гурт BosaeSonca прэзентаваў на партале Ultra-Music.com акустычны альбом «Адпусці». У яго ўвайшлі як лепшыя песні з «Залатога» альбому, так і кампазіцыі, якія ніколі не выдаваліся за дзесяць год існавання гурта.

Па словах музыкаў, за час працы гурта BosaeSonca накапілася досыць шмат песень, якія ніяк не ўпісваліся ў канцэпт «Залатога» альбому.



— Папросту «выкінуць» гэтыя песні мне было вельмі шкада, бо гэта ўсё ж частка маіх думак, няхай сабе і колішніх, — кажа лідэр гурта Алесь Кот-Зайцаў. — Да таго ж, я ведаю, што ёсць людзі, якія вельмі любяць гэтыя песні і ходзяць на канцэрты BS менавіта з-за іх. Але рабіць альбом перажытых, старых песень, свайго роду «альбом-рэтраспектыву» ў свае 25 год я палічыў за глупства :)

Музыкі вырашылі перааранжыраваць старыя песні, аздобіць іх гучаннем струнных і заміксаваць з новымі, актуальнымі цяпер для гурта трэкамі.

— Трэба было прыдумаць, як такі рознашорстны матэрыял спалучыць у агульны альбом. Рашэнне знайшлося ў жывым гуку, — тлумачыць выбраны падыход да запісу Алесь Кот-Зайцаў. — У працэсе live-выканання гэтых песень аднымі і тымі ж музыкамі, «тут і цяпер», ствараецца свайго роду агульная атмасфера, агульны настрой i гук. У выніку мы атрымліваем жывую экспрэссію, якую ў студыі зазвычай захаваць цяжка, а таксама вырашаем праблему з рознашорстнасьцю матэрыяла.

Спачатку музыкі планавалі запісаць альбом на адной з польскіх студыяў, але потым нечакана для ся сябе даведаліся, што ў мінскім «Доме радыё» можна ўвасабіць прыдуманае: запісаць гурт разам са струнным трыо.

— Нашая краіна вельмі багатая на сюрпрызы. Апынулася, што ў «Доме радыё» на вуліцы Чырвонай ёсць студыя з абсталяваннем па вялікім рахунку сусветнага ўзроўню. Там звычайна рэпетуе і запісваецца сімфанічны аркестр. Таму з нашымі сціплымі патрабаваннямі, мы цалкам змаглі рэалізаваць там усе свае задумы. Далей прыйшлося толькі трошкі дапрацаваць матэрыял, дадаць «разыначак» і зрабіць звядзенне, — распавядае Алесь Кот-Зайцаў.

Яшчэ адной «фішкай» альбому, па словах музыкаў, з’яўляецца ягонае аздабленне. Дызайн вокладкі зрабіў вядомы беларускі дызайнер Міхал Анемпадыстаў.

— Магчыма мала хто ведае, але Міхал некалькі апошніх гадоў з’яўляецца аўтарам плакатаў-афіш да фэсту «Бардаўская восень». А unplugged-гучанне нашага гурта непарыўна звязанае з гэтым фестывалем, бо мы ўжо гадоў пяць традыцыйна з’яўляемся ўдзельнікамі «Бардаўскай восені». Можна сказаць, што і атмасфера, і вокладка гэтага альбому досыць асеннія, — кажа Алесь Кот-Зайцаў.

Канцэртная прэзентацыя альбому адбудзецца менавіта на фестывалі «Бардаўская восень», які пачнецца заўтра на Беласточчыне ў Польшчы.


17:24, 24.10.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0476 seconds.