Апошняе «Амбасовішча» ў Раўбічах

У рэзыдэнцыі амэрыканскага амбасадара ў Раўбічах прайшоў шосты і, магчыма, апошні фэстываль беларускай музыкі «Амбасовішча». Фэстываль традыцыйна сабраў дзеячаў культуры, грамадзтва ды прадстаўнікоў незалежных СМІ. 

«Амбасовішча» на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ладзіцца ўжо шосты год запар. Фэст быў ініцыяваны ў 2005 годзе тагачасным амбасадарам ЗША Джорджам Кролам, чыю цікаўнасьць да беларускай культуры ўзгадвалі і на сёлетнім фэстывалі. Праўда, ужо каторы год запар імпрэзу адчыняе не амбасадар, а часовы павераны ў справах ЗША. Гэтым разам — Майкл Скэнлан.

Дыплямат адзначыў, што сёлетняе «Амбасовішча» зачыняе шматгадовы сэзон гасьцяваньня рэзыдэнцыі ЗША ў Раўбічах. Дыпмісія адмаўляецца ад арэнды тэрыторыі ў Раўбічах. З гэтай прычыны ня будзе болей і «Амбасовішча». Прынамсі, у такім фармаце. Аднак прадстаўнікі амбасады ганарацца праведзенымі фэстывалямі, якія ладзіліся якраз у часы «забароненасьці» многіх рок-музыкаў.


Так, у 2006-м на зачыненай тэрыторыі ў Раўбічах выступіла 16 беларускіх гуртоў ад ужо легендарных «Крамы», «Нэйра Дзюбеля» ды N.R.M да болей маладых. Ды й жартаўлівы назоў фэстывалю таксама адпаведны — спалучэньне «амбасады» і «Басовішча», якое шмат гадоў было ці не адзінай пляцоўкай для выступаў забароненых з палітычных прычынаў музыкаў. «Спадзяемся, арганізатары „Басовішча“ на нас не крыўдуюць», — жартавалі прадстаўнікі амбасады.


На сцэне шостага «Амбасовішча» выступілі пераможцы папярэдніх гадоў ды новыя для рэзыдэнцыі гурты: «Хуткі Смоўж», «Босае сонца», «Кальмары», Naka, «Dali» ды «У нескладовае».

Разнастаілі засільле беларусаў на сцэне госьці з ЗША — вясёлы рэгі гурт The Bishops зь Нябраска, якому «пашэнціла» дабірацца да кавалку амэрыканскай зямлі ў Менску шасьцю авіярэйсамі. Дзесьці тут, над Эўропаю, і «завіс» увесь музычны інвэнтар амэрыканцаў — давялося пазычаць інструманты ў беларускіх калегаў па сцэне. Атрымалася годна і весела!

На фэстывалі не аднаразова адзначалі пра «апошні год» «Амбасовішча», аднак сумных разьвітальных настрояў зусім не адчувалася. Творчая публіка адпачывала ў цяньку пад дрэвамі, частавалася напоямі ды барбэкю, самыя актыўныя танчылі ў шатры пад музыку. Аднак усе стараліся пакамунікаваць ды падаведвацца навіны калегаў — ня часта ў Менску адбываюцца такія прадстаўнічыя творчыя імпрэзы. А на закрыцьцё Майкл Скэнлан запусьціў у неба галубоў на знак пэрспэктывы ды пазытыву. З намёкам як на амэрыканска-беларускія стасункі, так і на будучыню фэсту.


Вялікі фотарэпартаж з «Амбасовішча-2010» — у фотаблогу Generation.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 4.1185 seconds.