Алег Хаменка: «Апранулі сарочку ды схадзілі на халяву!»
Традыцыйна напярэдадні фестывалю «Камяніца» арганізатары ладзяць прэс-канферэнцыю ў аднайменнай рэстарацыі, на якой разважаюць пра развіццё фольк-музыкі і папулярызацыю беларускай культуры. Гэтым разам для гэтага склаўся асаблівы момант — юбілейны фэст мае самы зорны склад выступоўцаў за ўсе пяць год.
«Запрашаем жыхароў перш за ўсё Малінаўкі і Паўднёвага Захаду. Ды вам ісці пешшу 50 хвілін, апранулі сарочку ды схадзілі на халяву!» — заахвочвае вядоўца фэста і лідар гурта «Палац» Алег Хаменка.
Уваход на «Камяніцу» у нацыянальных строях селёта, як і раней, бясплатны.
Разынка гэтага году — «Сяброўская вячэра», што адбудзецца ў першы дзень, гэткая preparty для ўдзельнікаў «Камяніцы» за ўсе пяць гадоў яе існавання, а таксама для ўсіх, каму дастануцца запрашальнікі. У першы дзень госці будуць слухаць Ірэну Катвіцкую, гурты «Палац», «Аляксандра і Канстанцін», Shuma ды глядзець фільм «Гісторыя беларускай страўні».
7 верасня — вялікі фестывальны дзень, у які выступяць гурты «Палац», «Стары Ольса», Guda, украінскія «ДахаБраха» і «Фолькнери», польскі Orkiestra Sw.Mikolaja і рускі гурт беларускага паходжання Hvarna. Побач з галоўнай будзе працаваць дзіцячая сцэна, дзе пяць юных калектываў праспяваюць у перапынках паміж выступоўцамі на галоўнай сцэне. Адзін з іх дзіцячы калектыў «Рада» пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай рыхтуе неспадзяванку для гасцей — супольны выступ з гуртом «Палац».
Усе грошы ад продажу квіткоў традыцыйна ідуць на рахунак Музея народнай архітэктуры і побыту. Сам фэст ладзіцца сёлета ізноў дзякуючы фінансавай падтрымцы банка БелВЭБ.
«Мы акцэнтуем увагу на падтрымцы нацыянальнай культуры і гістарычнай спадчыны, таму кожны год наш банк удзельнічае у арганізацыі фэсту. Мы лічым гэта сваёй філасофіяй. Падтрымліваючы фэст, мы падтрымліваем нацыянальную культуру» — кажа прадстаўнік БелВЭБ-спонсара фэста.
Дзякуючы «Камяніцы» за пяць гадоў яе правядзення быў адрамантаваны, па словаў дырэктаркі музея Святланы Лакотка, ужо 21 помнік архітэктуры. Але Музей пакуль створаны толькі на 25% ад канчатковай задумы, таму арганізатары фэста настойліва рэкамендуюць менчукам пагрузіцца першымі восеньскімі выходнымі ў атмасферу 19 стагоддзя.
Фота: Юля Сакалоўская