«Ляпіс Трубяцкой» выпусціць беларускамоўны альбом
Гэтай восенню гурт «Ляпіс Трубяцкой» выпусціць альбом «Грай» — першую ў сваёй гісторыі пласцінку, якая складаецца выключна з песень на беларускай мове. Канцэртная прэзентацыя праекта пройдзе 30 лістапада ў Вільні.
Песні на беларускай сталі важным складнікам творчасці гурта пасля «перазагрузкі» і змены вектару развіцця «Ляпісаў» у 2007 годзе. У гэтых песнях лідэр «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок, як правіла, кажа пра самае важнае для сябе, людзей і краіны. У альбом «Грай» увойдзе 12 беларускамоўных кампазіцый, напісаных і запісаных за апошнія 10 гадоў, у тым ліку 2 абсалютна новых трэка. Але пры гэтым праект разлічаны зусім не толькі на Беларусь і беларускую аўдыторыю.
«Мы ездзім па ўсім свеце і ўсюды сябе пазіцыянуем, як група з горада-героя Мінска, — кажа Міхалок. — Мы спяваем песні на розных мовах, але нам вельмі прыемна, што, калі прыязджаем у розныя краіны, мы сустракаем людзей, якія разам з намі спяваюць «Рамонкі», «Грай», «Не быць скотам!» і іншыя песні на беларускай мове. Мабыць, гэтыя тэксты і закладзеныя ў іх ідэі блізкія міжнароднай аўдыторыі. Так што гэты альбом прызначаны не толькі для беларусаў ва ўсім свеце, але і для ўсіх, каму цікавая наша музыка, беларуская мова і беларуская культура».
Папярэдні канцэрт Ляпісаў у Вільні
Канцэртная прэзентацыя праекта пройдзе на самай вялікай пляцоўцы Літвы — Siemens Arena ў Вільні, якая ўмяшчае 12.500 гледачоў. Гэта будзе адзіны выступ «Ляпісаў» з дадзенай праграмай — паўтараць яе калектыў не плануе. У Расіі і іншых краінах «Ляпіс Трубяцкой» працягне тур з праграмай «Lyapis Crew».
Між тым, Мінскі гарвыканкам наклаў вета на вонкавую рэкламу канцэрта «Грай». Арганізатары канцэрту ва ўстаноўленым законам парадку забраніравалі каля 20 бігбордаў у Менску, аднак на стадыі зацвярджэння рэкламнага макета ў Камітэце па ідэалогіі гарвыканкама кампанія была забаронена без тлумачэння прычын — нягледзячы на тое, што на афішах і бігбордах гурт «Ляпіс Трубяцкой» нават не згадваўся.
Той самы забаронены ідэолагамі макет
У Беларусі квіткі на канцэрт «Грай» можна набыць толькі ў офісе агенцтва «Шаблі»: горад Мінск, вуліца Калініна, 22-8 (з 9:00 да 17:00 гадзін у працоўныя дні). Кошт: 200 тыс. руб. (Танцпол), 250-300 тыс. руб. (Трыбуны). Калі ў вас няма шэнгенскай візы, то для куплі квітка вам неабходна папярэдне зарэгістравацца на падачу дакументаў у пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі на даты з 16 верасня па 20 лістапада (электронны запіс на сайце пасольства). Жыхары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей рэгіструюцца і падаюць дакументы ў Генеральным консульстве Літоўскай Рэспублікі ў горадзе Гродне ў гэтыя ж тэрміны.
Дзякуючы падтрымцы МЗС Літоўскай Рэспублікі, грамадзяне Беларусі, якія набылі квіткі на гэты канцэрт, змогуць атрымаць візу бясплатна. Падача дакументаў спрошчаная — даведкі з месца працы / вучобы і дакументы, якія пацвярджаюць плацежаздольнасць не патрабуюцца.