Апошнія летнія дзянькі на «Вольным паветры»

У ветраное надвор’е, калі хочацца закутацца ў коўдру з кубачкам гарбаты, нейкія дзівакі рушаць на хутар Уладзіміра Шаблінскага, у амаль 100 км ад сталіцы. Бо менавіта там адбываецца шосты фестываль «Вольнае паветра», на які традыцыйна з’язджаюцца этна-выканаўцы з розных куткоў Беларусі і наваколля. Некаторыя аматары музыкі маглі між іншым і не даехаць, бо першы ўказальнік на «Шаблі» упаў са слупа і невядомы жартаўнік аднёс яго на супрацьлеглы паварот. У выніку на скрыжаванні сабралася цэлая нарада аўто, якія вырашалі, куды варта збочыць, каб патрапіць у абяцаную атмасферу драйва, пазітыву і музыкі. Аднак бывалы наведвальнік хутара навёў парадак, і ўсе ахвотныя паспяхова дабраліся да месца прызначэння.

Гучным пачаткам музычнага фэсту сталі беларускія народныя песні ў выкананні Re1ikt. Разагравалі публіку хлопцы ўжо вядомымі кампазіцыямі «Чаго ты лося...», «Рана на Івана…», а таксама прэзентавалі некалькі новых.

Загучалі пад Валожынам таксама курдскія і мангольскія песні. Выканаўца першых Масуд Талібані радаваў не толькі музыкай, але і мілым акцэнтам у сваіх спробах прамаўляць па-беларуску паміж песнямі. Масуд — лідэр беларуска-курдскага праекта Awindar, які быў створаны ў Менску ў 2006-м. Гурт спалучае курдскія, персідскія і беларускія народныя матывы. Бурацкія песні выконваў калектыў «Намгар», названы паводле імя салісткі. Прыгожа і незразумела яны праспявалі пра тое, як жонка просіць дазвол у мужа, каб наведаць сваіх бацькоў. 

Падобна, што мінулагоднія прэтэнзіі арганізатары прынялі пад увагу і сёлетняе паветра зрабілася сапраўды вольным ад позіркаў хлопцаў у форме, відаць ім больш прыйшлася даспадобы хардкор-музыка.

Фестываль новага этна працягваў здзіўляць: на сцэне паказалася трыа Akute, але замест бубнача гурт дапоўніла Патрык — вакалістка Clover Club . Яны праспявалі разам з ёй свае вядомыя песні ў акустычным варыянце.

Па-сапраўднаму разварушыць публіку ўдалося Вераніцы Кругловай і яе гурту KRIWI. Энергічны выступ і прыгожыя песні не далі замерзнуць нікому каля сцэны. Адкрыццём фэста можна лічыць гурт Theodor Bastard з Санкт-Пецярбургу, якіх на радзіме ўжо паспелі назваць «лідэрамі рускага гатычнага року». Музыку з элементамі псіхадэлікі і трып-хопа зацанілі і беларускія слухачы. 

На фэсце традыцыйна кідаліся каровінымі кізякамі, танчылі капаэйру, нехта рабіў шашлыкі, а дзецям паказвалі батлейку. Парадавала таксама з’яўленне на сцэне культавага Лявона Вольскага. Ён у цішотцы з б-ч-б пад акампанемент Паўла Аракеляна паспяваў трохі трэкаў і з «Народнага альбому». Не абышлося і без «Трох чарапах». 


Хэдлайнерамі этна-фестываля быў нямецкі гурт Feindrehstar, які сам характарызуе свой накірунак як krautclub. Пад гукі ветру ды нямецкую музыку з элементамі блюза, джаза і хіп-хопа разыходзіліся госці хутара да аўто ці ў намёты. Каб заўтра дагуляць яшчэ рэшту лета альбо патрапіць на яшчэ адзін фэст з вяртаннем на публічную сцэну «Крамбамбулі». 

Болей здымкаў у нашым традыцыйным фотарэпартажы 


Наста Darteco 16:45, 25.08.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1236 seconds.