Юбілейную «Камяніцу» ўзначаляць артысты з Украіны, Польшчы і Беларусі
6-7 верасня пад Мінскам адбудзецца пяты па ліку фолк-фэст «Камяніца». У гэтым годзе ўпершыню свята народных традыцый, сучаснай музыкі і выдатнага настрою адбудзецца ў пашыраным фармаце пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».
Фотаздымкі з міналагодняга фэсту
6 верасня фэст адчыніць «Сяброўская вячэра», на якой збяруцца ўдзельнікі фэста за ўсе пяць гадоў. Гасцей чакае прэзентацыя маляўнічай кінастужкі «Гісторыя беларускай страўні», кулінарны майстар-клас ад страўні «Камяніца» з дэгустацыяй, а таксама музыка. Падчас імпрэзы адбудуцца міні-прэзентацыі альбомаў гуртоў «Палац», «Аляксандра і Канстанцін» і Ірэны Катвіцкай. Музычны хэдлайнер вечара - гурт Shuma, які спалучае фолькавыя спевы з сучаснай электронікай.
- «Сяброўская вячэра» - гэта магчымасць для артыстаў сустрэцца і распавесці адзін аднаму апошнія творчыя навіны і проста пагутарыць пра жыццё,што ў звычайныя фестывальныя дні зрабіць немагчыма. Для аматараў беларускага фольку гэта магчымасць атрымаць аўтографы ад лідараў беларускай фолк-сцэны, паразмаўляць з імі і задаць наўпрост свае пытанні, - распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.
6 верасня ўваход толькі па запрашальніках. Калі вы калі-небудзь удзельнічалі ў фэсце, ці дапамагалі ў яго правядзенні, напішыце на мэйл: kamyanitsa.festival@gmail.com. Пэўная колькасць запрашальнікаў будзе разыграная праз старонкі фестывалю ў сацыяльных сетках: Facebook і Vkontakte.
7 верасня - вялікі фестывальны дзень. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты «Палац», «Стары Ольса», Guda, а таксама замежныя госці: «Даха-Браха» (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Hvarna (Расія) і «Фолкнери» (Україна). На малой - дзіцячыя фолк-калектывы з розных куткоў краіны.
- На мой погляд, гэта самы зорны склад выступоўцаў за ўсе 5 год. Хэдлайнеры вельмі розныя па стылістыцы, але кожны з іх - сапраўдная з'ява ў сваёй краіне, вельмі ўплывовыя постаці. Запрасіць іх хацелі і раней, але зараз было прасцей вырашыць усе пытанні, таму што фестываль ужо мае вядомасць за мяжой. Наша асобная падзяка Інстытуту Польскаму за дапамогу ў арганізацыі выступу Orkiestra Sw. Mikolaja, - адзначае Сяргей Чагрынец.
Акрамя гэтага гледачоў чакаюць выставы, забавы, танцы і кірмаш. Грошы за ўваход як заўжды ідуць на рахункі Музею народнай архітэктуры і побыту, ды дапамагаюць захоўваць драўляныя экспанаты 18-20 вякоў. Уваход у нацыянальных строях бясплатны.
Пачатак 7 верасня: 12.00. Кошт квіткоў: 30 тыс. руб. Даведка/замова: (029) 394 51 21.
Месца правядзення: п.Азярцо (4 км. за аўтарынак «Малінаўка»), Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Як даехаць:
- На асабістым аўто альбо ровары (з роварам можна ўвайсці на тэрыторыю фестывалю).
- Рэйсавымі аўтобусамі 203, 262, 363, 277, 325, 357 ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя».
- Фестывальным аўтобусам (толькі 7 верасня) ад прыпынка "Малінаўка 6" (скрыжаванне вуліц Слабадской і Громава) з 11.30 да 14.00. У накірунку Мінска аўтобусы курсуюць з 20.30 да 23.00. Праезд бясплатны.