Re1ikt узяў дзве галоўныя ўзнагароды на рок-фестывалі ў Польшчы
Беларускі гурт Re1ikt усталяваў рэкорд ва ўзнагародах на рок-фестывалі 5 FMR Rockowisko Hajnowka 2013, які прайшоў у Польшчы 27 ліпеня. У межах конкурснай праграмы беларусы атрымалі ўпэўненую перамогу ў двух з трох намінацый.
Re1ikt на фэсце Басовішча-2013
Re1ikt сталі ўладальнікамі галоўнага прыза мэра горада Гайнаўка і прыза глядацкіх сімпатый — запісу ў студыі Studio-X у Ольштыне і гітарнага ўзмацняльніка. Гурту прынеслі перамогу новыя кампазіцыі, напісаныя на аснове беларускіх народных песень.
Фестываль Rockowisko праводзіцца ў амфітэатры ў цэнтральным парку горада Гайнаўка з 2009 года. Варта заўважыць, што за пяцігадовую гісторыю фестывалю Rockowisko Hajnowka ніхто не здолеў узяць болей за 1 узнагароду.
Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 10 калектываў, 9 з якіх былі з Польшчы. Адбор праходзіў у 2 этапы. Спачатку арганізатары з васьмі дзесяткаў заявак выбралі 10 каманд для выступу на фестывалі. А потым пераможцаў вызначылі ўжо на канцэрце.
Напрыканцы мерапрыемства выступілі вядомыя польскія калектывы TILT & Tomek Lipiński, BŁĘKITNY NOSOROŻEC і інш., а таксама леташнія пераможцы Rockowisko Hajnowka.
Re1ikt – гурт, які гарманічна спалучае моцную энергетыку з арыгінальным гучаннем.
Па сваёй стылістыцы гурт блізкі да такіх накірункаў, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. Аднак, сучасныя музычныя плыні Re1ikt спалучае з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае.
Re1ikt крэатыўна выкарыстоўвае незвычайныя гітарныя эфекты, а таксама народныя духавыя і перкусійныя інструменты.
Гурт грае як электрычныя, так і акустычныя канцэрты. І, ў залежнасці ад фармата выступаў, музыка каманды з драйвовай і завадной пераўтвараецца ў паветраную і лірычную.
Бліжэйшыя выступы гурта Re1ikt:
- 17 жніўня - фестываль Militar-2013 у парке Dreamland, Мінск.
- 24 жніўня - фестываль новага этна «Вольнае Паветра» на хутары Шаблі, Валожынскі раён.
- 25 жніўня - фестываль Metal Crowd, Речыца.
- 13 верасня - фестываль «Рок па вакацыях» у клубе «Цэнтр», Мінск.