ЕГУ чакаюць змены

Бяззменны рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні Анатоль Міхайлаў сыдзе, а колькасць студэнтаў-небеларусаў будзе павялічаная да 20%. Гэтыя факты прыведзеныя ў артыкуле «The European Humanities University Responds», размешчаным у выданні Belarus Digest у адказ на серыю крытычных публікацый парталу, прысвечаных стану ўніверсітэта ў выгнанні.


Рэктар ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў

Галоўная выснова аўтараў Belarus Digest, замежных і беларускіх даследчыкаў: апошнім часам ЕГУ змяніў фокус сваёй працы з беларускіх даследаванняў на абслугоўванне чаканняў шырэйшага колу студэнтаў з былога Савецкага Саюзу, з-за чаго беларускія студэнты сталі проста прадстаўнікамі аднаго з рэгіёнаў, якім цікавіцца ўніверсітэт. Аўтары даследавання ставяць пытанне аб мэтазгоднасці далейшай падтрымкі «яшчэ аднаго ўніверсітэту, што стаў міжнародным» заходнімі донарамі як беларускай інстытуцыі.

«Заснавальнік ЕГУ рэктар Анатоль Міхайлаў цяпер працуе свой другі і апошні пяцігадовы тэрмін. Паводле ўніверсітэцкага статуту ён скончыцца ў 2016, — гаворыцца ў артыкуле, падпісаным ад імя ЕГУ. — Пасля закрыцця ў 2004 г., ЕГУ быў зарэгістраваны ў Літве, і прафесару Міхайлаву было прапанавана кіраваць ім у выгнанні».

Акрамя гэтага, кіраўніцтва ЕГУ заявіла пра рашэнне павялічыць максімальны ліміт студэнтаў-небеларусаў да 20% (цяпер такіх каля 5%). Такім чынам універсітэт збіраецца атрымаць дадатковыя сродкі (студэнты-замежнікі не могуць атрымліваць стыпендыі, прызначаныя для беларусаў, але, напрыклад, літоўскім студэнтам даступныя стыпендыі літоўскага ўраду). Кіраўніцтва ЕГУ падкрэслівае, што да студэнтаў-замежнікаў высоўваюцца такія ж самыя акадэмічныя патрабаванні, як і да беларусаў.

У 2012 годзе ва ўніверсітэце навучаліся каля 1.5 тыс. студэнтаў, у тым ліку 501 студэнт-дзённік, 801 студэнт завочнага і 134 студэнты-магістранты. За 5 гадоў сума датацый замежных дзяржаваў і фондаў у траставы фонд ЕГУ, з якога ў мінулым годзе ўніверсітэт атрымліваў большую частку фінансавання, склала прыкладна 16 млн. еўра.

comments powered by Disqus
 
In 0.0611 seconds.