«Народнае галасаванне» абірае лепшы сацыяльна-культурны праект на Social Weekend

11 ліпеня 2013 года стартаваў першы этап конкурсу сацыяльных праектаў «Social Weekend», які быў запушчаны дабрачыннай інтэрнэт-платформай «МаеСэнс». Беларусам прапануюць падтрымаць тыя ідэі, якія, на іх погляд, зменяць свет да лепшага і прынясуць карысць нашай краіне.

На конкурс паступілі праекты, якія закранаюць практычна ўсе сацыяльныя і культурныя аспекты. Арганізатары былі прыемна здзіўлены вялікай колькасці пададзеных заявак. Жадаючых прадставіць сваю ідэю, якая змагла б дапамагчы ажыццявіць нечую мару, а, магчыма, і памяняць звыклы погляд на існуючыя праблемы, было так шмат, што дэдлайн падачы заявак працягнулі з 4 да 10 ліпеня. Было адабрана 66 праектаў, якія змогуць пазмагацца за званне лепшага ў перыяд з 11 па 21 ліпеня ўключна.

Як паведамлялі раней, конкурс будзе праходзіць у два этапы. Першы з іх (у фармаце «народнага галасавання») ужо пачаўся. Любы жадаючы можа прагаласаваць за тыя праекты, якія ён лічыць самымі годнымі. У ходзе галасавання будуць вызначаны 10 лепшых сацыяльных праектаў. Падчас другога этапа рашэннем кампетэнтнага журы будуць вызначаныя тры праекты-пераможцы (22-28 ліпеня), паміж якімі будзе падзелены грант ад «МаеСэнс» на суму 2200 долараў.

У журы конкурсу ўвайшлі: Юры Зісер (заснавальнік і саўладальнік TUT.BY), Таццяна Марыніч (сузаснавальнік і генеральны дырэктар BEL.BIZ), Уладзімір Максімкаў (кіраўнік кампаніі Карамболь, тэлепрадзюсар, незалежны медыякансультант), Вольга Какшынская (галоўны рэдактар LADY.TUT.BY), Аляксандр Патуцін (інвестар, сузаснавальнік StartupWeekend), Юры Гурскі (IT-прадпрымальнік, бізнес-анёл БАВІН), Іван Мураўёў (журналіст, уладальнік Кальяннай № 1), Андрэй Маханько (старшыня праўлення МГА «Понимание»), Ганна Сянькевіч (кіраўнік бізнэс-школы РАСТИ), Аляксандр Мартыненка (кіраўнік партала Realt.by).

Пераможцы конкурсу будуць абвешчаныя 31 ліпеня 2013 года. У гэты дзень абвесцяць і тыя праекты, якія атрымаюць гранты ад партнёраў Social Weekend (інтэрнэт цэнтра нерухомасці Realt.by, падарункавага сэрвісу Daroo, бізнес-школы РАСТИ, падзейнай сацыяльнай сеткі vead.me, хостынг-правайдэра hoster.by) на агульную суму 1800 даляраў і іншыя ўзнагароды.

Па ўсіх пытаннях пра мерапрыемства можна звяртацца па тэлефоне: +375 29 55 77777 або па электроннай пошце: help@maesens.by.

14:09, 17/07/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0573 seconds.