Студэнты адкрылі ў Менску кругласуткавы пракат ровараў

Аўтарамі праекту клугласуткавага пракату ровараў стала нястомная групоўка Экстрым Акадэмія, у якой сабраліся студэнты апошніх курсаў розных менскіх ВНУ. Узімку хлопцы будавалі кікеры на Уруччы і ладзілі вясёлыя заняткі са сноўбордамі, але снег растаяў, вучоба ў ВНУ завершаная, а жаданне збіраць кампаніі добрых людзей і цікава бавіць час засталося.

«Што ў нас добра атрымлівалася — гэта па выходных збіраць людзей. Хацелася захаваць фармат эмацыйных выходных на вуліцы. Неяк мы пасядзелі з добрымі знаёмымі, і з'явілася ідэя зрабіць што-небудзь з роварамі», — распавядае Рома Адрыянаў.

Ідэя з'явілася, і было жаданне зрабіць нешта канцэптуальнае. Таму рабяты пачалі шукаць і выйшлі на Аляксея Барысевіча — вытворцу ровараў «Спадарожнік». Гэты варыянт падышоў пад патрэбны канцэпт: бо назоў па-беларуску і вытворца дае беларускасць свайму ровару.

«Тэма мне вельмі спадабалася, і захацелася прасоўваць менавіта "Спадарожнік". Таму што чалавек не вельмі займаецца маркетынгам, ён займаецца роварам, каб ён быў добрым, — тлумачыць Рома. — Хочацца, каб хтось ехаў, і думаў: "Я еду на "Спадарожніку" — я круты, я такі беларус! :)", каб чалавек падтрымаў лакальнага вытворцу, тым больш, што яны выглядаюць так, што прыцягваюць позіркі мінакоў».

Таму хлопцы набылі партыю ровараў. Спачатку зладзілі прома-акцыю, потым тэст-драйв і бясплатную экскурсію на роварах:

«Адна з нашых дзяўчат, Аліна Вараб'ёва, ужо даўно хацела вадзіць экскурсіі на роварах. Вось і панеслася. На кожныя выходныя яна прыдумляе маршрут, мы збіраем народ, і едзем на экскурсію па горадзе, ці за горад».

Але было жаданне паставіць пракат, і паставіць яго дзе-небудзь у цэнтры гораду, і каб пры гэтым не адчыняць сваіх плошчаў. Такім чынам завязалі кантакт з Ксеніяй Курусь — заснавальніцай сеткі хостэлаў Traveller. І даволі хутка ідэя стала рэальнай справай. Ужо 21 чэрвеня каля хостэла Trinity быў адчынены першы кругласуткавы пракат ровараў у Менску. Палітыка пракату вельмі гуманная:

«Адметнасцю нашага пракату з'яўляецца тое, што пракат кругласуткавы. Потым палітыка коштаў, існуе адзін кошт — 50 тысяч. Каб людзі проста бралі ровар, сядзелі ў кавярні і не думалі пра тое, што ў іх цякуць гадзіны», — удакладняе Рома.

Разам з пракатам ровараў паводле першай задумкі мусіў стартаваць праект новага фармату веламайстэрні «Хуткая веладапамога». Але цяпер яшчэ вырашаецца пытанне яго дыслакацыі.

Асаблівасць майстэрні ў тым, што чалавек зможа пад'ехаць і адразу ж за кубкам бясплатнай кавы ці гарбаты паназіраць за тым, як майстар рамантуе ровар. А калі будзе жаданне, то можна паспрабаваць і самастойна наладзіць некаторыя механізмы пад наглядам майстра. Майстар у сваю чаргу добры чалавек, і любіць паесці:

«Усё жыццё марыў рамантаваць ровары за ежу», — усміхаецца веламайстар Віктар Валочка, і ўдакладняе — «асноўная паслуга будзе, напэўна, рэгуліроўка ўсяго ровара, мыйка і змазка цэпу, і рэгуліроўка пераключэння перадач, тармазоў».

На сайце extreme-academy.by хуткім часам можна будзе паглядзець расклад роварных экскурсій.

Такім чынам:

  1. Кругласуткавы пракат.
  2. Кошт ад адной да 12 гадзін — 50 тысяч беларускіх рублёў.
  3. Бясплатныя экскурсіі на роварах па Менску і за горадам.
  4. Веламайстэрня «Хуткая веладапамога» (ТА ровараў: цэп, тармазы, пераклюкі)
  5. Задарма можна будзе падпампаваць колы і замяніць камеру.

Адрас: Старавіленская, 12


Юля Сакалоўская 13:50, 26.06.2013 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.0489 seconds.