Бізнес у Вільні: бліжэй да Еўропы, але менш «нерваў»

У пяціпавярховіках звычайна не праектуюць ліфты, але калі ты адкрываеш публічнае месца ў будынку, які адным бокам выходзіць на галоўны праспект гораду, і месца гэтае на апошнім паверсе гэтага будынку, то без ліфта проста не абысціся. Прыкладна гэткай логікай кіравалася Марыя Спірынг з ейнай камандай, калі вырашыла заснаваць у Вільні невялікі бізнес.

Ліфт, збоку ад будынку, дабудаваць давялося, гэтак сама як і папрацаваць над інтэр’ерамі і іншымі важнымі складаючымі хостэлу, які і адчынілі ў гэтым звычайным офісным цэнтры месяц таму.

«У Вільні я спачатку хацела адкрыць бар, бо ў Маскве ў мяне ўжо ёсць вялікі клуб на 1.5 тысячы чалавек і невялікі бар. Але мне гэта надакучыла», — 31-гадовая Марыя Спірынг, сацыёлаг па адукацыі, сядзіць на цвёрдай канапе, заваленай рознакаляровымі падушкамі, у цэнтры свайго хостэлу Fabrika. Справа ад яе — звычайная для такіх месцаў кухня, злева сядзіць рослы басаногі адміністратар Паўслюс — тыповы прыбалт (адзіны літовец, прысутны ў гэтым месцы).

«Тым больш прыбытак ад бараў і рэстарацый у Вільні не такі вялікі, як у Маскве: тут людзі не могуць плаціць шмат, і каб зарабіць, трэба альбо трымаць вельмі высокі ўзровень, альбо рабіць тусовачнае месца для моладзі, — працягвае Марыя. — Але ў такія месцы публіка проста так не ходзіць: яна ходзіць за пэўнымі людзьмі. У Маскве я такіх людзей ведала, а тут — не. Вось мы і адчынілі хостэл».

«Ужо сапраўдная Еўропа, няхай і ўсходняя»





Марыя — не адзіная расейка, якая ў апошнія гады займела ўласны бізнес у Вільні. Пакуль літоўцы скараюць Лондан з звычайным наборам сантэхніка, беларусы, расейцы і ўкраінцы накіраваліся ў адну з самых блізкіх да іх сталіц Еўропы, каб зарабляць грошы, можа быць троху меншыя, затое жыць не ў такой непрадказальнай атмасферы, як на радзіме.

У год на часовы від на жыхарства ў Літве прэтэндуюць болей за 4 тыс. чалавек, і больш за ўсё сярод іх беларусаў (у 2011 — 1403 заяўкі), украінцаў і расейцаў (каля тысячы заявак у 2011 годзе). Абгрунтаванне большасці — жаданне працаваць. Гэта галоўны і амаль адзіны спосаб атрымаць від на жыхарства ў Літве, які дазваляе жыць у любой краіне ЕС, — бізнес-эміграцыя. Калі не лічыць навучанне і працаўладкаванне на рэдкую або цяжкую працу — але для апошняга найчасцей спачатку трэба вывучыць літоўскую мову.

«У пэўны момант стала зразумела, што хочацца нейкі бізнес бліжэй да Еўропы, каб зрабіць нешта прасцей і хутчэй, без затрымак. Былі варыянты з Прагай, Кіевам, у выніку варыянт Вільні паказаўся аптымальным», — дадае ветлівы барадач Максім Пецярленка. У свае 31 ён рэкамендуе сябе як чалавека, які «чым толькі не займаўся». Нарадзіўшыся ў Сібіры, цяпер ён апынуўся ў сэрцы старажытнай беларускай сталіцы ў ролі кіруючага хостэлам.

«Тут дастаткова проста, у прынцыпе, адкрыць бізнес — нам спатрэбілася 4 месяцы. Акрамя гэтага, у Літве невысокія кошты на арэнду, будаўнічыя матэрыялы і прадукты, у параўнанні з Масквой дык дакладна. Да таго ж гэта ўжо Еўрасаюз, ужо Шэнген, сапраўдная Еўропа, няхай і ўсходняя», — кажа Максім.

Будынак, дзе знаходзіцца Максімаў хостэл, з аднаго боку выходзіць да Тэатру оперы і балету, з іншага — на вуліцу Венуалё, якая вядзе да вялікага рэстарану на праспекце Гедыміна. Рэстаран належыць яшчэ аднаму расейцу, Ігару Бязуглаву, што некалькі гадоў таму перабраўся ў Вільню і заснаваў тут уласны бізнес. Ігар, які паспеў у пачатку 2000-х паўдзельнічаць у першым сезоне расейскага рэаліці-шоў «Апошні герой», ужо стаў дастапрыкметнасцю праспекту — яго часта можна пабачыць з цыгарэтай ля ўваходу ў сваю рэстарацыю.

«У Маскве можна зарабіць звышпрыбытак, — кажа Ігар. — Але пасля таго, як раздасі ўсе паборы куды трэба, на руках застаецца проста прыбытак. А тут атрымліваеш той жа прыбытак, толькі без лішніх нерваў».

«І хто там жыве?»





Нехта прыязджае сюды, каб працягваць тое, чым займаўся на радзіме. А нехта шукае «сваё», нешта больш творчае, якое б прыносіла не толькі грошы, але і новыя ўражанні. Прыкладна гэткая матывацыя была і ў Максіма. Таму хостэл Fabrika — гэта яшчэ і бар у мансардзе, дзе тусуюцца госці ўвечары, і арт-прастора з выставай фота на тэму вандровак. Вісяць тут і здымкі беларускіх фатографаў. Максім кажа, што выстава будзе мяняцца кожныя некалькі месяцаў, у планах — даць магчымасць выставіцца маладым мастакам і дызайнерам.

«Тут неабавязкова ведаць мову — гэта яшчэ адзін бонус. Мне, да прыкладу, літоўская для камунікацый з людзьмі не асабліва патрэбная. Літоўцаў тут [у хостэле] і няма: людзі альбо з Беларусі, Расіі, альбо з Еўропы», — Максім вымушаны прамаўляць вельмі ціха, бо ў час нашай размовы група з 15 хлопцаў і дзяўчын з Румыніі, Славеніі, Польшчы і Латвіі ў агульнай прасторы хостэлу сканчаюць экалагічны ворк-шоп па стварэнні рэчаў з другасных матэрыялаў. Папросту — ператварэння старых шкарпэтак і іншых непатрэбных рэчаў у прыгожыя цацкі. Праз паўгадзіны моладзь, што правяла папярэднія дні на ворк-шопе адразу тут, у хостэле, адпраўляецца на вуліцы, каб прадаваць вырабы мінакам: такое апошняе заданне семінару.

Нумары і кошты ў віленскім арт-хостэле Fabrika

Дорм на 10 чалавек, або на 8 чалавек – 10 эўра/суткі, дорм на 6 чалавек – 12 эўра/суткі, нумар Дабл або нумар Твін – 35 эўра за нумар. Кантакты: A.Vienuolio str. 4, mail@fabrikahostel.com, +370 52031005

Уладальнікі хостэлу задаволеныя выбарам месца для бізнесу: у Вільні вялікі турыстычны трафік, кажуць яны. І большасць турыстаў прыязджае з Беларусі.

«Для еўрапейцаў у хостэлах важная атмасфера, магчымасць знаёміцца, тусавацца, для беларусаў — нізкія кошты. Але ва ўсіх віленскіх хостэлах кошты падобныя (каля 10 еўра)», — кажа Марыя.

«Гэтым людзям лепей нешта зэканоміць на гатэлі, але патраціць грошы ў краме. Большасць не цікавіцца атмасферай, больш важныя кошты. Але ў час наступных прыездаў атмасфера ўжо становіцца важнай», — распавядае пра гасцей з блізкага замежжа Максім. На ягоную думку, большасць з 15 віленскіх хостэлаў «зусім не цікавыя: проста вялікія сумныя хостэлы». «І хто там жыве?» — дадае Марыя. Але ёсць некалькі добрых. Максіму падабаецца хостэл Pogo: моладзевае тусовачнае месца. Гэткім самым ён спадзяецца бачыць і Fabrika.

«Мы будзем старацца падтрымліваць творчую моладзь. З аднаго боку, гэта прыгожа, гэта прыцягвае ўвагу. У час музычных фэстаў у нас жывуць дыджэі, музыкі. У час тэатральных — акторы. У Вільні шмат фэстаў, няхай і творчых месцаў будзе болей».

Фота Gintarė Žalkauskaitė і з архіву хостэла Fabrika


Алесь Герасіменка 16:16, 11.06.2013 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.0449 seconds.