Конкурс гуртоў на «Басовішча»: заяўкі прымаюцца да 31 траўня
Арганізатары фестывалю «Басовішча» абвясцілі аб пачатку збору заявак на ўдзел у конкурсе гуртоў. Для ўдзелу дастаткова прадставіць хаця б дзве беларускамоўныя песні, а таксама музычнае відэа. Галоўны прыз — магчымасць паехаць на фестываль ў польскі Гарадок.

Каб узяць удзел у спаборніцтве за права выступіць на фестывалі музыкі маладой Беларусі «Басовішча», гуртам трэба даслаць два музычныя файлы ў фармаце MP3, відэа з канцэрту ці рэпетыцыі, а таксама фота добрай якасці, на якім выяўлены ўвесь гурт.
Ацэньваць канкурсантаў будзе журы, якое складаецца з двух прадстаўнікоў арганізатараў, а таксама 3 прадстаўнікоў з боку беларускіх партнёраў. Пры выбары пераможцы Журы будзе звяртаць увагу «на арыгінальнасць формы, тэксты і артыстычную экспрэсію».
Прыз пераможцам конкурсу — 40-хвілінны выступ на «Басовішчы», а таксама грашовая ўзнагарода.
Арганізатары фэсту рэкамендуюць, «каб кожны гурт паказаў не менш чым дзве беларускія песні. Рэпертуар толькі на рускай мове не будзе ацэньвацца. Дапушчальныя мовы — польская і англійская».
Між іншым, дзеля выступу на самім конкурсе ў час фэсту дастаткова цяпер толькі 50% беларускамоўнага рэпертуару. Такая акалічнасць вылучае сёлетні конкурс маладых гуртоў на «Басовішчы» ад падобных у папярэднія гады.
Дэдлайн прыёму заявак — 31 траўня 2013 году. Пераможцы будуць абвешчаныя 7 траўня ў Беластоку на канцэрце BEFORE БАСОВІШЧА. Выступы пераможцаў прыпадуць на 19–20 ліпеня 2013 г.
Заяўку на ўдзел можна спампаваць тут. Яе разам з неабходным дадаткамі трэба запампаваць на www.wetransfer.com і даслаць спасылку на адрас электроннай пошты арганізатарам konkurs@basowiszcza.org
Самы сталы беларускі музычны фестываль «Басовішча», які ладзіцца ў польскім Гарадку ў пары дзясяткаў кіламетраў ад Беларусі, пройдзе 19–20 ліпеня 2013 г. Усе выступоўцы яшчэ не названыя, але вядома, што сярод іх будуць беларускія Akute, Vinsent, Re1ikt, The Toobes, Dzieciuki, Pomidor/off, а таксама некалькі ўкраінскіх і польскіх гуртоў: Перкалаба (UA), Indios Bravos (PL), Zabelov & Kinior (BY-PL), Orkiestra Klezmerska Teatru Sejneńskiego (PL).