Чатыры выставы, якія варта наведаць у траўні

Культурнае жыццё не замірае нават на час усеагульных святаў і ў пачатку цыклу пасадкі бульбы. Generation.by наведаў некалькі гарачых менскіх выставаў і зразумеў, што падтрымка маладога пакалення цяпер у трэндзе. Тыя, хто далучыцца да нашага маленькага шляху па менскіх галерэях і музеях, атрымае магчымасць адчуць, куды ідзе і да чаго можа нас усіх прывесці гэта новае пакаленне беларускіх творцаў.

1. Экабізун «Песні дрыгвы»

Выстава жывапісу «Песні дрыгвы» мастака Алеся Квяткоўскага створаная праз верш беларускага паэта Віктара Шніпа «Балота». Мастак павандраваў у свой час па Палессі і пабачыў там, верагодна, нямала герояў для сваіх карцін. Адтуль і «паэтычныя ўвасабленні жывой прыгажосці» больш вядомыя як русалкі. Вядома, аголеныя. І ўсё гэта на фоне захапляльных пейзажаў беларускіх балотаў.

Адно слова «балота», якое апошнім часам гучыць у беларускай публічнай прасторы ў тым ліку і ў сувязі з змаганнем супраць чарговай хвалі іх асушэння, дазваляе надаць выставе грамадска значны кантэкст. Таму падтрымка арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», непасрэдна датычнай да гэтага змагання, тут не выглядае дзіўнай.

Калі: з 3 траўня па 6 чэрвеня 2013 года;

Дзе: галерэя Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці (вул. Гікалы, 4 — у памяшканні абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна). Час працы: аўторак — нядзеля з 11.00 да 19.00.

2. Магчымасць трапіць на TUT.BY і паглядзець наша пакаленне

Сур’ёзныя людзі і пляцоўкі любяць дапамагаць маладым. «Перспектыва на будучыню» якраз той самы выпадак, калі любоў увасабляецца ў канкрэтным прыкладзе.

Нядаўна ў самым сэрцы адной з буйнейшых беларускіх медыякампаній, TUT.BY, адкрылася выстава, закліканая распачаць вялізны цыкл падобных праектаў дапамогі маладым сучасным мастакам знайсці шлях да публікі. «Перспектыва на будучыню» — гэта назоў цыклу.

Першымі ў межах гэтага праекту свае працы прадставілі маладыя беларускія мастакі Тарас Пашчанка, Юлісіс Неўмер і Яўген Cowek. Стваральнікі «Перспектывы» спадзяюцца, што ўсе гэтыя людзі застануцца ў памяці як сімвал нашага пакалення. І пра іх яшчэ прыгадаюць.

Калі: да 16 мая ўключна, з 9 да 18.00 (акрамя выхадных і святочных дзён).

Дзе: Галерэя TUT.BY, вул. Веры Харужай 1а, 6 паверх (ГЦ «Сілуэт»);

Уваход вольны.

 

3. Маладых падтрымалі і «структурызавалі»

Маладыя мастакі іншага разліву прадстаўленыя ў больш традыцыйнай арт-прасторы — у галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Не варта пужацца мудрагелістага тэрміну «Структурызацыя». Усё на гэтай выставе досыць проста: дзясятак маладых мастакоў, фатографаў, графікаў, каго заўгодна, збіраецца ў адной прасторы, каб паказаць, што цяпер турбуе ўсіх гэтых творцаў, і куды мы ўсе (з імі, вядома) рухаемся.

Атрымліваецца нават не спроба адказаць на пытанні, а толькі пошук іх. Карацей, сапраўдная камунікацыя.

Выстава праходзіць у межах праграмы падтрымкі маладога мастацтва з Беларусі, якая мае назоў START.

Калі: з 2 па 20 траўня 2013;

Дзе: Галерэя «Ў» (Незалежнасці, 37а). Час працы: з 11.00 -22.00 панядзелак — пятніца і з 12.00 — 22.00 субота, нядзеля.

Уваход вольны.

4. Беларуская мода часоў Сапегі

У Нацыянальным гістарычным музеі найцікавейшая выстава з старонак Cosmopolitan 16 стагоддзя. Як апраналіся хіпсцеры і звычайны княскі планктон часоў вялікіх канцлераў і падскарбі, што было модна ўвесну, а што было прынята даставаць з куфраў толькі на святы?

«Добра і з густам апранацца заўсёды было адметнай рысай беларусаў», — сцвярджаюць куратары выставы «Беларускі касцюм. Гісторыя і сучаснасць». З прыкладна гэткім настроем яны і кінуліся ў вывучэнне беларускай моды. І знайшлі, што яна «яркая, творчая, з уласнымі каштоўнасцямі».

Выстава стала дадатковым натхняльнікам для сучасных беларускіх мадэльераў, бо адчынілася якраз у час чарговага тыдню Беларускай моды ў Мінску. Таму акрамя моды ВКЛ на выставе можна пабачыць найбольш яркія ўзоры беларускага народнага гарнітуру і пазнейшых часоў, і нават працы сучасных мадэльераў, што спалучаюць традыцыі і сучаснасць.

Калі: 24.04–23.05.2013
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, вул. Маркса, 12. З 11.00 да 19.00 акрамя панядзелка.
Кошт: студэнты — 12 тыс., дарослыя — 15 тыс. рублёў.


Юля Сакалоўская 00:00, 13.05.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0512 seconds.