Маладая дызайнерка зрабіла Awesome Minsk Map для замежнікаў

Калі вы ангельскамоўны замежнік, што ўпершыню трапіў у сталіцу Рэспублікі Беларусь, альбо проста цікаўны да актуальных менскіх трэндаў лакал-урбаніст, гэтая двухбаковая мапа, якая лёгка можа быць раздрукаваная ў фармаце A3, апынецца надзвычай карыснай.

«Напэўна, шмат хто з вас карыстаўся за мяжой зручнымі і пацешнымі мапамі The Young Travelers' Map. Як жа ў Мінску без такой?»

— пытаюцца стваральнікі мапы, сярод якіх маладая менская дызайнерка Марта Чарнова. І адразу ж даюць адказ у выглядзе Awesome Minsk Map (што можна перакласці прыкладна як «цудоўная мапа Менска») — сапраўды мілай і пацешнай карты гораду з пазнакай найбольш актуальных кропак сталіцы. На днях яе «бэта-версія» была прэзентаваная ў доме Фішэра.

Сярод пазначаных на мапе месцаў — найбольш папулярныя і, верагодна, замежніка-фрэндлі супермаркеты, хостэлы, месцы, дзе можна зняць байк (і дзе на ім пакатацца), сталоўкі, кропкі доступу wi-fi і нават, для асаблівых гурманаў, кіёскі «Хутка-смачна». Бадай, такой мапы з пазнакай усяго неабходнага (і апісаннем таго, як з усім гэтым у Менску жыць альбо выжыць) наш горад яшчэ не бачыў.

Акрамя гэтага, з AWESOME MINSK MAP можна даведацца, як мясцовыя студэнты вырашаюць праблему таго, што яны ўвесь час «бедныя і галодныя», якое піва і дзе варта закаштаваць у Менску, і як, урэшце, перакладаецца на ангельскую слова «сырок».

Зрэшты, карыстальнікі інтэрнэту ўжо заўважылі пэўныя хібы ў перадачы геаграфічных назоваў менскіх вуліцаў і іншых аб’ектаў лацінкаю. Да прыкладу, станцыі метро падпісаныя ў цяпер афіцыйна прынятай адміністрацыяй метро транслітарацыі (хаця стваральнікі мапы чамусьці сцвярджаюць, што ангельскамоўныя замежнікі ў прынцыпе не здольныя прачытаць назовы станцый), а назовы вуліцаў транслітараваныя з расейскай.

Стваральнікі мапы заклікаюць да яе распаўсюду, а таксама чакаюць прапановаў (на мэйл awesomeminskmap (at) gmail.com) па яе ўдасканаленні перад, як яны спадзяюцца, хуткім з’яўленнем мапы ў друкаваным выглядзе. А пакуль актуальную версію мапы можна спампаваць, раздрукаваць (для гэтага спатрэбіцца восем аркушаў фармату А4) і склеіць самастойна.

Спампаваць мапу

Новыя абнаўленні мапы чакайце ў суполцы Awesome Minsk Map.


Алесь Bezuher 14:28, 03.05.2013 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0455 seconds.