У беларускіх музыкаў будзе свая прэмія

Гэты год у беларускай музыцы быў багаты на ўзнагароды, але па вялікім рахунку амаль усюды пераможцы вызначаліся па галасах журналістаў. У красавіку на новай прэміі Rock Profi мы ўпершыню даведаемся меркаванне саміх беларускіх музыкаў.

У аснове ўзнагароды просты і рацыянальны прынцып – галасуюць тыя, хто сам стварае сучасную беларускую музыку ў стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва. Выдаў студыйны альбом у апошнія тры гады – маеш права выказацца. Прычым галасы ва ўсіх роўныя – без уліку рэгалій.

Ідэя ўзнагарод належыць Змітру Безкаравайнаму (Experty.by), яе падтрымаў Павел Юрцэвіч (студыя “Осмас”). Яны і выступілі ў ролі арганізатараў.

– Размова ідзе пра першую ў Беларусі прафесійную музычную прэмію. Музыкі часцяком скардзяцца, што пра музыку пішуць і лёс узнагарод вырашаюць людзі, якія самі ёй ніколі не займаліся. Будзе цікава даведацца, наколькі адрозніваецца іх уласнае меркаванне, – распавёў Зміцер Безкаравайны.

– Пры ўсім багацці ўзнагарод гэтага года ў Беларусі не хапала нейкай стваральнай, аб’яднальнай цырымоніі. Наша мэта – стварыць нагоду, каб беларускія музыкі паслухалі і пачулі адзін аднаго. А потым сустрэліся і пагаварылі. Зразумела, што ўсе яны адначасова з’яўляюцца і калегамі, і канкурэнтамі, але гэта толькі дадасць узнагародам вагі, – адзначыў Павел Юрцэвіч.

Падрабязнасці ўзнагарод будуць абвешчаны на прэс-канферэнцыі ў бліжэйшыя дні.

11:00, 20/03/2013 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2253 seconds.