11 новых спэцыяльнасьцяў для беларускіх студэнтаў

У новым навучальным годзе ў беларускіх ВНУ зьявіцца 11 новых спэцыяльнасьцяў. Аб гэтым паведаміў начальнік кіраваньня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Юры Міксюк 14 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

У ліку новых спэцыяльнасьцей -- сыстэма разьмеркаваньня мультымэдыйнай інфармацыі, лазэрная інфармацыйная сыстэма і фатонныя сэткі, мэтралягічнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій, інжэнэрна-псыхалягічнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій, турызм і гасьціннасьць, вайсковая дыпляматыя ў міжнародных адносінах, ахова інфармацыі ў тэлекамунікацыях. Усяго падрыхтоўка ў беларускіх ВНУ вядзецца па 360 спэцыяльнасьцям.

У гэтым годзе, адзначыў Ю.Максімюк, знойдзена "кампраміснае рашэньне" пытаньня аб паступленьні абітурыентаў-ільготнікаў. Пазаконкурснае залічэньне захаваецца толькі на тыя спэцыяльнасьці, ня якія конкурс у мінулым годзе складаў меней пяці чалавек на месца. Ва ўсіх астатніх выпадках ільготнікі будуць паступаць на агульных умовах. Вынятак складаюць пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў.

У гэтым годзе за аснову прыёму ў ВНУ ўзялі правілы, што былі выкарыстаныя ў 2004 годзе, паведаміў прадстаўнік Мінадукацыі. Уступная кампанія будзе праходзіць у дзьве плыні, што дасьць абітурыентам магчымасьць некалькі разоў паспрабаваць сваю моц з выкарыстаньнем тэставых формаў іспытаў. Адзіным новаўвядзеньнем гэтага году зьяўляецца тое, што залічэньне на платную форму навучаньня будзе адбывацца пасьля таго, як у першай і другой плыні адбудзецца залічэньне на бюджэтную.

У гэтым годзе два ўступных іспыты будуць праводзіцца ў выглядзе цэнтралізаванага тэставаньня: першы - па беларускай/расейскай мове, абавязковы для ўсіх абітурыентаў, другі - па профілю абранай спэцыяльнасьці, а форму правядзеньня трэцяга іспыта вызначае сама ВНУ.

Паводле БелаПан 

10:54, 15/06/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.