Akute назвалі праграму ў гонар Ulis

12 красавіка Akute прадставяць у Мінску новую канцэртную праграму, якая атрымала назву "Як на далоні". У ёй музыкі абяцаюць паказаць некалькі цалкам новых песень з будучага альбома.

Удзельнікі гурта раней неаднаразова выказвалі сваю павагу да творчасці Ulis у інтэрв'ю, але ў лютым вырашылі пайсці далей – на ўзнагародах Ultra Music Awards, дзе Akute перамаглі ў намінацыі "Гурт году", яны выканалі сваю версію песні "Як на далоні". Гэта першы кавер у рэпертуары магілёўскага трыа і менавіта ён даў назву канцэртнай праграме.

– Для мяне Ulis з альбомам "Танцы на даху" ў свой час быў выбухам – я заслухаў касету да дзірак і дагэтуль я лічу яго адным з галоўных эталонаў сучаснай беларускай музыкі, які нашмат апярэдзіў свой час. Гэта сапраўдны рок – псіхадэлічны, нэрвовы і вельмі змястоўны па тэкстах, вельмі блізкі нам па духу і сэнсу. Сваім крокам мы жадаем нагадаць людзям пра гэты выбітны гурт, – распавёў бас-гітарыст Akute Раман Жыгараў.

Akute "Як на далоні" (аматарскае відэа) 

У межах праграмы адбудзецца прэм'ера некалькіх песень з будучага альбома, працу над якім музыкі распачалі на пачатку года. У студыі запісана ўжо тры песні, ідзе праца над звядзеннем. Папярэдні альбом гурта «Не існуе» быў выдадзены год таму.

– Матэрыялу пакуль што прыкладна на палову альбома. Мы нікуды не спяшаемся, бо наша мэта зрабіць альбом, які будзе крокам наперад. Запіс, як і ў мінулыя разы, робім у Магілёве, звядзенне спрабуем рабіць у Кіеве. Але пра нейкія вынікі пакуль казаць рана. Таму пакуль што новыя песні можна будзе пачуць толькі на канцэртах, – тлумачыць музыка.

12 красавіка ў клубе Re:Public гурт Akute з праграмай «Як на далоні». Адмысловы госць – Pryzma (Магілёў). Першы гурт – 19.00. Квіткі: танцпол папярэдне – 60-70 тыс, танцпол у дзень канцэрта – 80 тыс., месца за столікам – 90 тыс..

Кропкі продажу без нацэнкі: клуб Re:Public, ГЦ Купалаўскі (месца 19), ГЦ Рыга (месца 18), пераход пл.Я.Коласа. Таксама квіткі можна набыць ва ўсіх касах горада і праз сайты www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

Канцэрт у сацсетках: Facebook, Vkontakte, Last.fm.

13:09, 21/03/2013 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0058 seconds.