Яны бачылі цуд: фільм «Не» пра перамогу над дыктатурай паказваюць у 30 км ад Беларусі

Гэта мілая рэальная гісторыя пра тое, як зрынуць дыктатуру вясёлкай, беларусам можа нагадаць казку. І яшчэ тое, што пазітыўнае мысленне ўрэшце рэшт перамагае. Першы дзень літоўскага кінафестывалю Kino pavasaris пачаўся з чылійскага фільму «Не», які ўжо паспеў быць намінаваны на Оскар і атрымаць шэраг узнагародаў вядомых кінафестываляў, у тым ліку ў Канах.

Стужка пабло Ларэйна «Не» глядзіцца як казка, як цудоўны сон, у якім у Беларусі мараць апынуцца многія: за некалькі тыдняў да вызначальнага рэферэндуму, на якім мусіць быць прынятае рашэнне аб чарговым прэзідэнцкім тэрміне мясцовага дыктара Аўгуста Піначэта, у камандзе апазіцыі, што сама не верыць у сваю перамогу, з’яўляецца малады і яскравы рэкламіст Рэнэ. Ён вырас у сям’і палітычных эмігрантаў, але вярнуўся на радзіму і зарабляе на здымках рэкламы для тых, хто трымаецца ад палітыкі падалей. Рэнэ прапануе незвычайны падыход да кампаніі супраць новага тэрміну дыктатара. Ягоны рэцэпт рэкламы просты: пазітыў, жарты і весялосць.

Многія кадры «Не» маглі лёгка быць знятыя ў Беларусі. Вось поўныя штампаў пра крывавы рэжым апазіцыйныя палітыкі, якія абмяркоўваюць сваю стратэгію ў час наступнай кампаніі і ў выніку прызнаюцца, што перамагаць нават не збіраюцца. Вось актывісты, якія крычаць «свабоду палітвязням», і якіх цягне некуды паліцыя. Вось спецслужбы, якія пераследуюць актывістаў і пагражаюць крэатыўшчыку за ягоную супрацу з палітычнымі праціўнікамі, малююць графіці на ягоным доме і машыне. А вось ён сам нечакана для сябе на мясцовай Плошчы, якую канешне ж разганяе паліцыя і вайскоўцы, збіваючы жанчын. Нават сцэна ў чылійскім Акрэсціна ўключаная.

«Скажыце нам, чаму вы хочаце галасаваць «За» [працяг паўнамоцтваў Піначэта]?» — пытаецца ў сталай жанчыны адзін з апазіцыянераў.

«У мяне ўсё добра. Мой сын ва ўніверсітэце. Мая дачка мае працу…»

Але ўсе гэтыя знаёмыя сюжэты адбываюцца пад вясёленькую поп-музыку, якая лёгка западае ў памяць, і з людзьмі, апранутымі ў цішоткі з выявай вясёлкі — сімвала кампаніі «Не». Ад таго нават самыя жудасныя кадры збіцця і крыві на твары галоўнага героя глядзяцца не гэтак трагічна і безнадзейна. Тым больш, калі ведаеш, што цуд адбудзецца і гэтыя людзі пазбавяцца ад 15-гадовай дыктатуры ў адну ноч, калі 55% чылійцаў скажуць на рэферэндуме «Не» ўжо стараватаму тырану. Вядома, нават чылійская сітуацыя часам падаецца прыкладам неверагоднай свабоды, калі па тэлебачанні цягам 15 хвілін можна казаць усё, што думаеш пра прэзідэнта, многія акторы згаджаюцца здымацца ў роліках супраць яго, а прадпрымальнікі — даваць тэхніку і студыі на здымкі. Але пытанне не ў тым, што казаць, але як гэта рабіць. Чылійскі адказ, наступствы якога многія пасля назвалі сапраўдным цудам, падказвае: калі ў нешта вельмі моцна верыць, яно спраўдзіцца.

З’яўленне фільма «Не» наўрад ці варта чакаць на беларускіх экранах. Надта шмат заўважных стужак, якія могуць нагадаць не самыя прыемныя бакі Беларусі, абмінулі ўжо нашыя экраны. Аднак яго, разам з яшчэ сотняй цікавых працаў з усяго свету, у тым ліку з яшчэ адным удзельнікам Канскага фестывалю «У тумане» беларускага рэжысёра Сяргея Лазніцы, можна пабачыць на літоўскім кінафестывалі Kino pavasaris. Фестываль у Вільні і Коўна працягнецца да 28 сакавіка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.