Рэцэпт як стаць летуценным рамантыкам праз наведванне арт-выставы
Модная сталічная мастачка выcтаўляе каля 20 прац апошніх гадоў, галоўная тэма якіх вясна і веснавое абуджэнне. Рамантычны «Столік на дваіх» ад Ганны Сілівончык адкрыўся ўчора ў Менску. Шчодрая порцыя пяшчоты і добрай іроніі на карцінах мастачкі ператворыць нават самых заўзятых цынікаў у летуценных рамантыкаў. Прыём наведнікаў вядзецца да канца красавіка ў кафэ «Арт-дворык».

«Вясна – час перамен, час надзей і, вядома ж, кахання. Бо якраз гэтае пачуццё нязменна нас акрыляе і дорыць новыя сюжэты для творчасці музыкантам, паэтам, мастакам. І менавіта каханне ва ўсіх яго праявах з’яўляецца для мяне галоўным сэнсам чалавечага жыцця і асноўнай крыніцай натхнення», – кажа Ганна Сілівончык.
Летуценныя працы Ганны не могуць пакінуць гледачоў абыякавымі. Часам з лёгкай іроніяй, часам выкрываючы чалавечыя слабасці, яе карціны прымушаюць усміхацца. Надзвычай розныя героі: дзеці, закаханыя, людзі-птушкі, людзі-анёлы ды іншыя міфалагічныя істоты жывуць на карцінах вядомай мастачкі. У сваёй творчасці Ганна Сілівончык стварыла такі сваеасаблівы свет, па-дзяцячаму казачны і па-даросламу мудры.
Выстава «Столік на дваіх» працуе з 6 сакавіка па 29 красавіка ў арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея. Самых крэатыўных наведнікаў чакае прыемны бонус: аўтара новага назову для Арт-кафэ чакае квіток на бясплатнае наведванне музею на працягу году. Назвы прымаюцца да канца сакавіка.
Фота: Юля Fox, болей здымкаў у фотарэпартажы.