Маладая мастачка Ганна Сілівончык кліча на «званы абед»
З 3-га па 17-е красавіка ў мастацкай галерэі «Унівэрсытэт культуры» пройдзе выстава Ганны Сілівончык «Зачынена на абед».
Адкрыцьцё творчасьці Ганны Сілівончык нібыта дзівосная знаходка, накшталт той, калі некалі у дзяцінстве адшукаеш у шафе няўлічаны бацькамі слоік сьлівавага сочыва. Узбуджаныя ўсе рэцэптары, прыгадваецца смак, колер і асобы водар маленства, у якім зьмяшаліся салодкае з кіславатым, яркае з пастэльным, імклівы палёт з зачараваным лунаньнем. Нават само прозьвішча хочацца пасмакаваць — Сі-лі-вончык. Як лядзяш ці зацукраваную вішаньку.
Жывапіс мастачкі спалучае жаночае какецтва і яркую дзіцячую непасрэднасьць, яму аднолькава ўласьцівы філязофскія хітраспляценьні і шчырая эмацыянальнасьць. Толькі з самых-самых сьвежых ўражаньняў, жывых пачуцьцяў, самых сьветлых і чыстых думак, духмяных мрой, салодкіх мар, спакусьлівых летуценьняў, яскравых фантазій і насычаных вітамінамі фарбаў стварае Ганна Сілівончык свае карціны. Падобнае мастацтва гэта ня толькі асалода для вачэй, але і пажытак для розуму.
Выстава твораў Ганны Сілівончык разьмесьціцца у трох залях галерэі «Унівэрсытэт культуры». Экспазыцыя такім чынам сымбалічна падзяляецца на першае, другое і дэсэрт, дзе творы мастацтва пададзены як вытанчаныя стравы і раскошныя далікатэсы, смачнейшыя прысмакі, пікантныя закускі, апэтытныя ласункі – сапраўднае задавальненьне для гурмана.
Запрашаем і вас наведаць гэты «Званы абед», дзе прыадкрываючы дзьверы сваёй мастацкай кухні, аўтар падзеліцца з гледачамі рэцэптамі майстэрства і «кулінарнымі сакрэтамі».
Прыемнага апэтыту!
Пра Ганну
Мастачка нарадзілася ў 1980-м у Гомелі. Скончыла Беларускі мастацкі ліцэй імя Ахрэмчыка і Беларускую акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці станкавы жывапіс. З 2008-га зьяўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Удзельніца шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, каля дваццаці пэрсанальных. У 2009 годзе ўзнагароджаная мэдалём «Талент і прызначэньне» міжнароднага фонду міру і згоды. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, музэі сучаснага выяўленчага мастацтва, музэі сучаснага рускага мастацтва Джэрсі Сіці (ЗША), фондах Гомельскага палацава-парковага ансамбля (Гомель, Беларусь), Елабужскім дзяржаўным музэі-запаведніку (Елабуга, Расія), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Германіі, Польшчы, Кітая.
Выстава пройдзе з 3 красавіка па 17-га па адрасе Кастрычніцкая плошча, 1. Палац Рэспублікі. Адкрыцьцё адбудзецца 3-га красавіка а 17-й гадзіне. Галерэя працуе: 11.00 – 19.00. Выходныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.