Беларускі ўніверсітэт хоча вучыць амерыканцаў

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі завіў аб магчымасці адкрыцця навучальных курсаў у Амерыцы. Экспансія ў ЗША мусіць адбыцца пры дапамозе выпускнікоў універсітэту, якія цяпер працуюць за мяжой, а навучальны працэс будзе праходзіць дыстанцыйна.

Рэктар БДУІР з замежнай студэнткай, фота bsuir.by

Рэктар БДУІР Міхаіл Батура кажа, што вельмі шмат хто хоча вучыцца ў ягоным універсітэце. Месца для ўсіх не хапае, і таму «кіраўніцтва навучальнай установы задумалася, як пашырыць сваю дзейнасць, у тым ліку на далёкія краіны», перадае БелТА.

Першай такой далёкай краінай можа стаць ЗША, дзе ўжо працуюць дзясяткі, калі не сотні праграмістаў, што атрымалі адукацыю ў БДУІР. Некаторыя з іх дапамагаюць універсітэту, прасоўваючы ягоныя інтарэсы за акіянам. І пры гэтым, канешне, зарабляюць самі.

«Нам неабходна актыўна ўзаемадзейнічаць са сваімі выпускнікамі, бо яны маюць магчымасць і могуць прывозіць у краіну інвестыцыі. Прычым гаворка ідзе аб узаемадзеянні рознага роду — як фінансавага, гэтак і духоўнага плана», — сказаў Міхаіл Батура.

Зусім нядаўна дзякуючы клопату былых выпускнікоў БДУІР, якія цяпер працуюць у ЗША, у ВНУ быў адкрыты міжнародны цэнтр Android Software Center, дзе студэнтаў 4 гады будуць вучыць пісаць праграмы для айфону і іншых мабільных сістэм. Грошы на цэнтр далі амерыканцы. Яны купілі кампутары і неабходнае праграмнае забеспячэнне. Падтрымка беларускай адукацыі каштавала амерыканскаму боку каля $40 тыс.

БДУІР спадзяецца навучаць амерыканцаў праз папулярны цяпер фармат дыстанцыйных онлайн-курсаў. Цяпер універсітэт мае некалькі праграмаў, дзе навучанне адбываецца толькі па-ангельску. Амерыканцам, верагодна, будзе прапанавана атрымаць адукацыю ў галінах тэлекамунікацыйных сетак, інфармацыйнай бяспецы ў тэлекамунікацыях, метадах абароны інфармацыі.

БДУІР не ўваходзіць ні ў водны з найбольш прадстаўнічых рэйтынгаў вышэйшых навучальных установаў свету.

Некалькі месяцаў таму іншы беларускі ўніверсітэт, ЕГУ, заявіў аб жаданні пачаць навучаць расейскамоўнае насельніцтва Германіі. Адукоўваць таксама плануюць праз дыстанцыйныя курсы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.