Беларускія студэнты з планшэтамі вучацца лепей, чым без іх

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце правялі эксперымент: студэнтам адной з груп раздалі планшэты Prestigio Multipad 9.7 Ultra і падрыхтавалі для іх адмысловую бібліятэку файлаў. Праз паўгода ўніверсітэт заявіў: студэнты з планшэтамі вучацца троху лепей за іншых.


Выкладчыкі БДПУ не вельмі радыя новым планшэтам. Затое студэнты вучацца лепей. Фота interfax.by

Эксперымент з планшэтамі пачаўся ў БДПУ ў верасні 2012 году. Тады будучым настаўнікам біялогіі і хіміі і раздалі новыя дэвайсы. Лічылася, што яны мусяць замяніць студэнтам не толькі бібліятэку, але і канспекты з падручнікамі. Да пераходу на электроннае навучанне падрыхтавалі нават настаўнікаў, для якіх ва ўніверсітэце арганізавалі адмысловыя курсы.

У выніку зімовую сесію студэнты групы з планшэтамі здалі троху лепей за тры іншыя групы, дзе ўніверсітэцкіх дэвайсаў не было.

Цяпер планшэт, які ўніверсітэту вытворца вылучыў бясплатна, можна купіць у Менску і за $211. Патрыманыя планшэты каштуюць каля $170. Калі ў трох звычайных груп, піша «Інтэрфакс-Захад», агульны сярэдні бал па выніках першага семестру складаў 5.75–5.98 , то ў эксперыментальнай групы — 6.15.

Цікава, што болей за палову студэнтаў пасля таго, як атрымалі планшэты, пачалі ставіцца да працэсу навучання больш станоўча. Хаця многія «падселі на гаджэты»: у сярэднім студэнты карысталіся імі ад 2 да 6 гадзін у дзень.

«Нягледзячы на тое, што першыя вынікі нечакана ўразілі, рабіць далёка ідучыя высновы пакуль рана», — кажа рэктар БДПУ Пётр Кухарчык. Паводле ягоных словаў, ва ўніверсітэце дагэтуль няма Wi-Fi, а 20% студэнтаў, не кажучы пра выкладчыкаў, прызнаюцца, што карыстацца планшэтамі ім цяжка, бо яны слаба ведаюць, як гэта рабіць.

Адзінае, што дакладна радуе кіраўніцтва ўніверсітэту, гэта колькасць новых прапановаў ад вытворцаў па выкарыстанні іхніх планшэтаў у іншых эксперыментальных групах.

Зрэшты, выкладчыкі, якія таксама атрымалі па планшэту, пакуль не вельмі задаволеныя: у студэнтаў з’явілася новая адгаворка — «Забыўся зарадзіць планшэт».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.