Мэр Мінска замовіў сабе тысячу студэнтаў

Мэр Мінска Мікалай Ладуцька папрасіў кіраўніка мінскай суполкі БРСМ прадаставіць гораду 1000 студэнтаў для працы на будоўлях улетку. Кіраўніцтва БРСМ рыхтуе планы па рэкрутынгу.


Так мусіць выглядаць музей ВАВ, пабудаваны студэнтамі

Мікалай Ладуцька папрасіў сабе тысячу БРСМаўцаў на нарадзе ў гарвыканкаме.

«Раней да нас паступіла кансідуемая заяўка ад будаўнічага комплексу Менска на 550 працоўных месцаў. Мы іх ужо падзялілі па канкрэтных аб’ектах, — заявіў у адказ першы сакратар Мінскага гарадскога камітэту БРСМ Юры Чачукевіч. — Будзем карэктаваць план набору студэнтаў у сувязі з даручэннем кіраўніцтва горада».

Як паведамляе агенцыя «Мінск-Навіны», студэнтаў адправяць на будаўніцтва новага будынку музею ВАВ недалёка ад новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, хакейнага палацу Юрыя Чыжа «Чыжоўка-Арэна», а таксама ў студэнцкую вёску, якую спешна рыхтуюць да Чэмпіянату свету па хакеі. Усе будынкі вёсцы будуць аддадзеныя заўзятарам. Студэнтам з-за гэтага прыйдзецца з’ехаць з гораду.

Чатыры месяцы таму ўлады заявілі, што накіроўваюць на будоўлі чэмпіянату па хакеі, што мусіць адбыцца ў 2014 годзе, 1.5 тысячы студэнтаў сталічных ВНУ. Спачатку іх адправілі на экспрэс-курсы, а пасля навучэнцы мусілі паехаць па будоўлях. Агулам, па словах чыноўнікаў, у Менску не хапае каля 5 тысячаў будаўнікоў.

БРСМ сцвярджае, што ў мінулым годзе ў дзейнасці будаўнічых атрадаў узялі ўдзел 100 тысячаў чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0803 seconds.