БДУ ўвайшоў у пяцёрку лепшых у рэйтынгу буйнейшага ў свеце спаборніцтва праграмістаў

Праграмісты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту згодна з рэйтынгам буйнейшага ў свеце онлайн спаборніцтва па стварэнні алгарытмаў TopCoder займаюць пятую пазіцыю ў свеце. У спісе мацнейшых універсітэтаў БДУ абышоў Стэнфардскі, Варшаўскі і Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэты.

TopCoder называюць буйнейшым у свеце кам’юніці праграмістаў і крыатыўшчыкаў, што працуюць у IT-сферы. Яно ўлучае болей за 220 тысячаў карыстальнікаў з болей як 200 краін свету.

З 2001 году TopCoder арганізуе онлайн-спаборніцтвы ў розных сферах праграмавання, а таксама ў крэатыўных ідэях, што дапамагаюць прасоўваць навуку наперад. Адным з апошніх падобных конкурсаў на TopCoder стала спаборніцтва для матэматыкаў і інфарматыкаў, якія мусяць дапамагчы NASA палепшыць сістэму сонечных батарэй. Галоўны прыз спаборніцтва — $30 тыс.

Цяпер БДУ займае пятае месца ў рэйтынгу ўніверсітэтаў у катэгорыі «алгарытмічнае праграмаванне». Беларускі ўніверсітэт саступае толькі Такійскаму, а таксама шэрагу расейскіх ВНУ.

У абсалютным рэйтынгу краін у той самай катэгорыі беларускія праграмісты займаюць шостую пазіцыю, саступаючы праграмістам з Расеі, Кітаю, Украіны і Польшчы. Пяць гадоў таму Беларусь у TopCoder знаходзілася на 12-м месцы, а БДУ — на 17-м, адзначае прэс-служба БДУ.

Характэрна, што спаборніцтва асабліва папулярнае ў краінах Усходняй Еўропы і Азіі. Гэта можна патлумачыць як даступнасцю TopCoder, дзеля далучэння да якога дастаткова мець падлучэнне да Інтэрнэту, гэтак і тымі магчымасцямі, што з’яўляюцца ў пераможцаў TopCoder. Многія з лепшых удзельнікаў кам’юніці атрымліваюць шанец уладкавацца ў буйнейшыя кампаніі, што займаюцца выпускам праграмнага забеспячэння. У пошуку кемлівых «мазгоў» сярод праграмістаў і палягае галоўная задача TopCoder.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0801 seconds.