Беларуская адукацыя ізноў першая паводле росту коштаў у Еўропе

Напрыканцы 2012 году А. Лукашэнка нечакана заўважыў «даволі высокія» кошты на вышэйшую адукацыю ў Беларусі і прапанаваў «разабрацца» з імі. У Мінадукацыі адказ знайшоўся хутка: рэсурсаў на змяншэнне коштаў няма. Між тым Беларусь па выніках году працягвае займаць першую пазіцыю ў Еўропе па хуткасці росту адукацыйных коштаў.

21 снежня Лукашэнка заявіў, што кошты на навучанне ў Беларусі «даволі высокія» і іх трэба «прытармазіць»: «З гэтым трэба разабрацца», — сказаў ён. Звяртаючыся да кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы заявіў: на першых двух курсах вучобы аплата павінна быць «літасцівай», а на старэйшых курсах «трэба паглядзець».

Рост у два разы


Дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі і Еўрастату

У 2011/2012 навучальным годзе кошт навучання ў беларускіх універсітэтах падвышаўся чатыры разы: 1 верасня 2011 года — прыкладна на 20%, у кастрычніку-лістападзе — на 25%, 1 лютага 2012 — на 29%, 1 чэрвеня — на 5%.

У выніку, калі параўноўваць цэны кастрычніку 2011 і 2012 гадоў, то паводле Белстату «набегла» 103.7% росту. Гэтыя лічбы другі год запар вывелі нашу краіну на першае месца ў Еўропе па хуткасці росту коштаў на адукацыю.

Другое месца ў Еўропе па хуткасці росту адукацыйных коштаў заняла Вялікабрытанія, дзе рэформа 2010 году дазволіла ўніверсітэтам узняць плату за адукацыю ў сярэднім на 20%. У год прыняцця рашэння аб росце коштаў брытанскія студэнты разгарнулі вялікі пратэстны рух. Які, аднак, нічым не скончыўся. У паглыбленых у фінансавы крызіс Іспаніі, Ірландыі і Італіі кошты выраслі прыкладна на 7%, што роўна сярэдняму ўзроўню па ЕС.

У час сусветнага фінансавага крызісу некаторыя краіны Еўропы наадварот заахвочваюць моладзь працягваць адукацыю і зніжаюць кошты навучання ва ўніверсітэтах. Прыкладам сёлета стала Нямеччына, вышэйшая адукацыя ў якой за год патаннела на 15% (але ўвосень 2012 падзенне коштаў кампенсавалася новымі зборамі), і Латвія, дзе адукацыйныя кошты зменшыліся на 1%, а таксама Харватыя. Амаль не змяніліся кошты на навучанне ў Фінляндыі і Вугоршчыне.

$1 750 за год беларускай адукацыі

У любым разе, спрачацца, што беларускім студэнтам даводзіцца плаціць нямала, наўрад ці хто будзе. Цяпер навучэнцы ВНУ плацяць ад 7.153 млн. рублёў (каля $800) да 14.95 млн. рублёў ($1 750).

Пры гэтым кошты выраслі не толькі ў беларускіх рублях, але і ў далярах. Калі параўноўваць з дакрызісным 2010, то многія студэнты БДУІР плацяць на $270 болей. А вось з навучэнцаў самых дарагіх спецыяльнасцей БДУ («правазнаўства» і «міжнароднае права», напрыклад) спаганяюць цяпер прыкладна тую ж самую суму ў $1750, што і два гады таму.

Міністэрства адукацыі не спяшаецца ўплываць на сітуацыю. Адказ міністра Сяргея Маскевіча на заяву Лукашэнкі аб прапанове «разабрацца» з высокімі коштамі прагучаў вельмі хутка і надта дзёрзка для беларускага чыноўніка: грошай у бюджэце няма.

«У нас датуецца платная адукацыя. Траціна бягучых і капітальных выдаткаў аплачвае дзяржава. На наступны год у бюджэце краіны не запланаваныя расходы на кампенсацыю студэнтам-платнікам», — сказаў Маскевіч і дадаў, што зарабіць студэнты могуць самі, бо «такая магчымасць ёсць».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.068 seconds.