Тыповы беларускі студэнт — завочніца

Тыповы беларускі студэнт — завочніца

Тыповы беларускі студэнт — гэта студэнтка-завочніца з эканамічнага факультэта сталічнай ВНУ.

За кошт дзяржавы навучаецца толькі траціна студэнтаў, астатнія ў сярэднім плацяць $2500

Галоўная бяда беларускіх студэнтаў — малая колькасць бясплатных месцаў ва ўніверсітэтах. Толькі кожны трэці студэнт не плаціць за адукацыю. Пры гэтым, тая траціна бясплатнікаў так ці інакш пасля навучання мусіць адправіцца па прымусовым размеркаванні.

Платнікам таксама нявесела: калі верыць аналітыкам з АНТ, у сярэднім штогод ім даводзіцца сплачваць за адукацыю каля $2500. Апошнія паўтары гады запомняцца шалёным ростам адукацыйных коштаў. Нядаўні здарыўся 1 верасня 2012.

Большасць студэнтаў навучаецца на завочным


Дадзеныя Мінадукацыі. Графіка Generation.bY

Колькасць студэнтаў завочных аддзяленняў за апошнія гады ўпершыню перавысіла колькасць студэнтаў дзённага. Сімвалічна, што адбылося гэта ў разгар кампаніі Мінадукацыі і Мінабароны па «барацьбе» з завочнікамі.

У мінулым навучальным годзе (па цяперашнім статыстыкі яшчэ няма) ў Беларусі на завочным вучылася прыкладна на тры тысячы болей студэнтаў, чым на дзённым. Гэта рэкордная лічба для завочнага. Прынамсі, для апошніх дзесяці гадоў. З 2006 па 2008 год дзённікі ва ўніверсітэтах таксама заставаліся ў меншасці, аднак не такой яўнай.

Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук ужо не першы год марыць аб скарачэнні колькасці студэнтаў завочнага. Але мары пакуль застаюцца марамі.

Большасць студэнтаў — «сталічныя штучкі»

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі: не мужчынская справа

Лічбы дазваляюць «вывесці» сярэдняга беларускага студэнта. Паколькі больш за палову ўсіх студэнтаў (53%) навучаюцца ў сталічных ВНУ, а амаль 60% студэнтаў — дзяўчыны, то сярэдні беларускі студэнт зусім не студэнт, а студэнтка. Да таго ж «сталічная». І ўзрост яе наўрад ці будзе значна перавышаць 24 год.

Упершыню за кіраванне Лукашэнкі колькасць студэнтаў пачала змяншацца

Папярэднія 15 гадоў, пра якія Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі публікаваў дадзеныя, колькасць студэнтаў толькі расла. Але сёлета набор аказаўся значна меншым. У выніку замест мінулагодняй лічбы ў 442 тыс. студэнтаў у краіне засталося «толькі» 430 тысячаў, кажуць статыстыкі.

Такое нечаканае падзенне звязанае найперш з дэмаграфічнымі праблемамі: маленькіх беларусаў у 90-х і ў 80-х з’явілася розная колькасць. Цяпер у Мінадукацыі ламаюць галаву, як вярнуць студэнтаў у аўдыторыі: усё ж які-ніякі прыбытак.

Пакуль адзінае рашэнне, якое прыдумалі, — кампенсаваць страты за кошт замежнікаў. Але тыя ў нашу краіну не плывуць. Цяпер замежныя студэнты складаюць каля 2% ад беларускага студэнтцва.

Большасць студэнтаў вывучае права і эканоміку


Дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту

Беларускія студэнты неверагодна любяць эканоміку і права: каля 180 тысячаў чалавек вучацца на спецыяльнасцях юрыдычнага ці эканамічнага профілю. На другім месцы па папулярнасці — будаўнічыя і архітэктурныя спецыяльнасці. А вось да працы ў службах бяспекі ў нас цяпер рыхтуюць толькі 9 тысячаў чалавек.

Міністр адукацыі аднойчы пагражаў нават запатрабаваць ад студэнтаў-эканамістаў выплаты дзяржаве 100% кошту за адукацыю (чаму астатнія дагэтуль не плацяць 100%, і хто вылічвае гэтыя 100%, чыноўнікі так і не патлумачылі).

Фота: Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.