Новы Вайцюшкевіч – прывітанне з вар’ятні

Выйшаў у свет новы альбом Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra «Ваячак». Дыск запісаны на вершы польскага паэта Рафала Ваячака, а фотасесія да яго была зроблена ў беластоцкай вар’ятні.


Трэйлер альбома

Рафал Ваячак (1945-1971) – адзін з найбольш інтрыгуючых і таямнічых польскіх паэтаў ХХ ст., яскравы прадстаўнік так званых «праклятых паэтаў». Алкаголік, правакатар, скандаліст, які неаднаразова лячыўся ў вар’ятні і са школьных гадоў здзяйсняў спробы самагубства. Уласную смерць ён зрабіў адной з галоўных тэм сваёй эпатуючай, але вытанчанай у літаратурным сэнсе паэзіі.

– Мне заўжды цікава паказаць менавіта чалавечыя моманты ў творчасці кожнага паэта, – распавядае Вайцюшкевіч. – Таму Маякоўскага я пазбавіў сацыялізма, а Ваячака – пэўнай часткі дэпрэсіі. Хацелася падкрэсліць, што ён быў у тым ліку выдатным лірыкам – у яго шмат вершаў пра жанчын, пра жаночае цела. Але пэўныя моманты «псіхадэліі» ўсё ж прысутнічаюць – увасобіць іх у музыцы дапамог вядомы гітарыст Сяргей Канановіч.

Ад ідэі альбома да яго выдання прайшло шэсць гадоў. Для запісу гэтай працы Зміцер вывучыў польскую мову, але ў працэсе вырашыў заспяваць на беларускай – вершы пераклалі Андрэй Хадановіч і Вальжына Морт. Аздабленне для альбома зрабіў вядомы польскі беларус Юрка Асеннік, лідар гурта Zero-85.

– Фотасесію для аздаблення мы рабілі ў вар’ятні ў Беластоку. На вокладцы – сапраўдны тамтэйшы ключ ад дзвярэй, без якога нельга патрапіць з калідора ў пакой ці наадварот. Гэта і артэфакт, і метафара альбома. У музычным сэнсе мы спрабавалі вынайсці менавіта такі ключ да паэзіі Ваячака, адчыніць яе для беларускага слухача, – тлумачыць Зміцер.

Набыць CD-версію (digipack) дыска з аўтографам Вайцюшкевіча можна ў інтэрнэт-краме www.prastora.by. Інтэрнэт-прэм’ера альбома адбудзецца цягам бліжэйшых тыдняў.

16:36, 13/11/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0759 seconds.