Бясплатны канцэрт у Re:Public аднаго з самых запатрабаваных рок-гуртоў Беларусі
Гурт Re1ikt выканае багата старых і новых песен. Уваход на канцэрт – вольны.
Мерапрыемства пройдзе ў межах праекта «СТАрт» кампаніі STA LOGISTIC. Яго мэтай з’яўляецца падтрымка і дапамога ў прасоўванні маладых беларускіх рок-гуртоў. Канцэрт музыкі прысвяцілі студэнтам, бо ён мусіць адбыцца напярэдадні 17 лістапада. Падчас запісу альбома «Рэкі прабілі лёд», які днямі быў перавыдадзены, большасць музыкаў былі яшчэ студэнтамі.
«На парах замест таго, каб пісаць лекцыі, я пісаў тэксты песен», – заявіў на прэс-канфэрэнцыі бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка.
Гурт Re1ikt. Фота: Юля Fox
На рахунку Re1ikt 3 студыйныя альбомы і чатыры відэакліпы. Гурт удзельнічаў у музычных фэстах у Польшы, Літве, Украіне і Беларусі. Па словах прадстаўніка кампаніі «ВИГМА» Аляксея Багдасар'яна, Re1ikt – адзін з нешматлікіх беларускіх гуртоў, чые дыскі надзвычай добра распрадаюцца.
У сваёй музыцы яны спалучаюць такія накірункі, як progressive rock, post rock, art rock і alternative rock. За апошнія два з паловай месяцы музыкі адыгралі каля 30 канцэртаў.
У планах гурта зграць яшчэ некалькі канцэртаў у розных беларускіх гарадах, а таксама перапець шэраг малавядомых народных песен. На вялікім сольніку 15 лістапада музыкі абяцаюць выканаць беларускамоўныя каверы на песні Ghost Of Karelia амерыканскіх металістаў Mastodon і Old Man канадаскага рокера Neil Young.
Выступ Re1ikt у Палацы спорту на свяце першакурснікаў
Сольны канцэрт пройдзе ў клубе Re:Public (Менск, вул. Прытыцкага, 62) 15 лістапада. Выступ пачнецца ў 19:00.