Студэнты Скандынавіі і Балтыі жадаюць бясплатнай вышэйшай адукацыі для беларусаў

26–28 кастрычніка ў Хельсінкі, Фінляндыі адбылася сустрэча Студэнцкіх саюзаў Паўночных краін. 30 студэнтаў з Паўночных ды Балтыйскіх краін, такіх як Швецыя, Эстонія, Літва, прадстаўнікі Еўрапейскага саюза студэнтаў, даследчыкі, прадстаўнікі міністэрства асветы і культуры Фінляндыі, а таксама іншыя эксперты ў галіне вышэйшай адукацыі дыскутавалі аб камадыфікацыі вышэйшай адукацыі.


У час паседжання студэнтаў у Хельсінкі. Фота аўтара

Высвятляецца, што студэнтаў багатых еўрапейскіх краін турбуе рост камерцыялізацыі адукацыі, ператварэнне яе ў аб’ект эканамічнай зацікаўленасці і гандлю. Непакоіць студэнтаў і ўсталяванне платы за навучанне для тых, хто прыязджае з краін, якія знаходзяцца па-за межамі ЕС ці Еўрапейскай эканамічнай супольнасці.

«Асвета — гэта не толькі інструмент для выкарыстання патэнцыялу чалавечых рэсурсаў, аднак і аснова стварэння пачуцця салідарнасці ў грамадстве, а таксама ўзмацнення грамадзянскай супольнасці», — гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай падчас сустрэчы.

«Увядзенне платнай вышэйшай адукацыі для студэнтаў-неграмадзян ЕС/ЕЭС моцна зніжае колькасць замежных студэнтаў і павышае рызыку гамагенізацыі студэнцтва. Таксама гэта з’яўляецца пачаткам разумення вышэйшай адукацыі як камерцыйнага тавару».

Рэзалюцыя дэманструе наяўнасць адзінага погляду і салідарнасці студэнтаў краін Балтыйскага мора адносна камерцыяналізацыі адукацыі і ператварэнне яе ў аб’ект гандлю.

Большасць скандынаўскіх краін у апошнія гады значна абмежавала магчымасці для навучання ў сваіх ВНУ для студэнтаў з такіх краін, як Беларусь. Нягледзячы на пратэсты студэнцкай супольнасці. 

Сустрэча Студэнцкіх саюзаў Паўночных краін — рэгіянальная пляцоўка супрацоўніцтва для нацыянальных студэнцкіх арганізацый Паўночных і Балтыйскіх краін, якая рэгулярна сустракаецца два разы на год пачынаючы з сустрэчы ў Аархусе, Данія ў 1946 годзе. Наступная сустрэча адбудзецца ўвесну 2013 года ў Рэйк’явіку, Ісландыя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0839 seconds.