Akute прэзентаваў сеціву максі-сінгл «Ihołki»

Гурт Akute прадставіў у Інтэрнэце максі-сінгл «Ihołki», адна з кампазіцый якога ўжо гучыць у Бразіліі. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца ў межах вялікага сольнага канцэрту 3 лістапада ў клубе «Re:Public».

Akute

Асноўную частку максі-сінгла склалі новыя версіі кампазіцыі «Ihołki» з выдадзенага вясной альбому «Nie isnuje». Рэміксы на яе зрабілі мінскі бітмэйкер Deech і магілёўскі электронны праект Pryzma. А загалоўнай кампазіцыяй сінглу стаў адноўлены арыгінал.

«Падчас звядзення альбому мы ніяк не абмяжоўвалі творчую вольнасць Жэні Сухавея. У выніку ў «Ihołki» ён магічным чынам ператварыў гітару ў арган – шмат хто нават потым не верыў нам. Адмыслова для сінгла мы папрасілі яго зрабіць гітарную версію і зараз усе маюць магчымасць пачуць песню ў пачатковым выглядзе», – распавёў бас-гітарыст Раман Жыгараў.

Але галоўнай разынкай дыска можна лічыць рэмікс на песню «Адзіноцтва», які зрабіў DJ Boston. Некалькі гадоў таму гэты беларускі прадусар і аранжавальнік пераехаў у Бразілію, але сувязь з радзімай не згубіў.

«Я пачуў пра Akute ад беларускіх знаёмых яшчэ напачатку года. Мяне ўсцешыла, што ў Беларусі з’явіліся актуальныя па гучанні беларускамоўныя рок-гурты, – кажа DJ Boston. – Я маю намер дапамагаць у прасоўванні беларускіх праектаў у Бразіліі, таму з’явілася ідэя зрабіць рэмікс, які мог бы гучаць тут на дыскатэках і радыё. Днямі адбылася прэм’ера – водгукі выключна станоўчыя».

Дарэчы, «Ihołki» – першы рэліз, аздоблены прыхільнікамі гурта. Пераможцам адмыслова абвешчанага конкурсу стала Надзея Зуй. Менавіта яе фота музыкі абралі для вокладкі, дзякуючы чаму яна бясплатна патрапіць на канцэрт 3 лістапада і сустрэнецца з імі.

Падчас вялікага сольнага канцэрту 3 лістападу ў клубе «Re:Public» можна будзе пачуць першыя намёткі зусім новага матэрыялу Akute. Таксама гледачоў чакаюць лепшыя песні з абодвух студыйных альбомаў і відэашэраг ад Сяргея Навіцкага, вядомага па супрацы з гуртом «Серебряная свадьба».



3 лістапада – клуб Re:Public – 19.00

Akute – вялікі сольны канцэрт

Адмысловы госць – гурт Avias

Квіткі: 50 тыс (першыя 100), 60 тыс. (далей), 70 тыс. (у дзень канцэрту), 80 тыс. (столік).

Продаж: у касах клуба, пераход пл. Я.Коласа, ГЦ Купалаўскі (месца 19), ГЦ Рыга (месца 18) і ў распаўсюднікаў.

Даведка: (029) 649 08 88

13:01, 25/10/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0844 seconds.