Вольскі падагрэў Вільню перад «Ляпісам Трубяцкім»

Лявон Вольскі

Камерны канцэрт Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна 16 кастрычніка ў Вільні стаў нечым падобным да прэлюдыі перад хуткім вялікім выступам «Ляпісаў» у літоўскай сталіцы.

«Гэта мой любімы з беларускіх. Ён і яшчэ Бі-2»,

— высокі худы хлопец, верагодна студэнт, ківае ў бок вакна віленскай рэстарацыі «Ужёпіё кавіне», дзе ва ўшчэнт забітай залі два мужчыны: высокі барадач з саксафонам і ніжэйшы фарбаваны бландзін з гітарай — спяваюць вядомыя некаторым прысутным з дзяцінства песні. Студэнт з сябрам туляцца на вуліцы, бо, падобна, месца ім на бясплатным канцэрце не знайшлося. Сёння ў Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна аншлаг.

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

«Вы ж, мабыць, не ведаеце, хто такія Саўка ды Грышка?» — Вольскі ў звыклым іранічным стылі пытаецца ў слухачоў, пераважна маладых людзей студэнцкага ўзросту, пра знаёмства з матэрыялам сённяшняга выступу. І пачынае выконваць нешта пра расейскі газ, нафту і іншыя палітычныя штучкі, якімі апошнія два гады ён частаваў сваіх слухачоў на Радыё Свабода ў межах праекту «Саўка ды Грышка». Сёння Вольскі прэзентуе дыск, выдадзены па матывах праекту.

Лявон Вольскі, лідэр гурта «Крамбамбуля» і адзін са стваральнікаў легендарнага N.R.M., цяпер не мае доступу да вялікіх сцэнаў у Беларусі. Усё, на што ён і многія іншыя беларускія музыкі могуць разлічваць, — вось такія камерныя канцэрты, куды прыходзіць збольшага «свая» публіка. Зрэшты, прысутныя, а сярод іх пераважна студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні, задаволеныя — цяпер, каб трапіць на выступы найпапулярнейшых музыкаў, зусім не трэба перціся на Радзіму: усё даступна на месцы.

«Блін, а што будзе 27-га!» — адзін са студэнтаў ЕГУ абмяркоўвае са сваёй сяброўкай іншы канцэрт, што чакае Вільню і яе беларусаў ужо праз 10 дзён. 27 кастрычніка тут на адной з самых буйных пляцовак гораду адбудзецца канцэрт забароненага на радзіме «Ляпіса Трубяцкога». Афішы «Ляпісаў» за два месяцы да канцэрту былі развешаныя па горадзе, але тое было залішнім: квіткі і так разышліся з хуткасцю, падобнай да футбольнага матчу Беларусь-Англія. Цяпер у тых беларусаў, што наважацца адправіцца на канцэрт з Менску, самае надзённае пытанне палягае ў пошуку транспарту ў Вільню і назад. Бо ўсе квіткі на аўтобусы і цягнікі да літоўскай сталіцы на бліжэйшыя да выступу гадзіны і даты ўжо раскупленыя.

Вольскі, дарэчы, паводле ягоных словаў, і сам не супраць выступіць з лідэрам «Ляпісаў» Сяргеем Міхалком. У Вільні, канешне ж. На шчасце, і нагода ёсць: у наступным годзе споўніцца 10 гадоў з выхаду кружэлкі «Крамбамбулі» «Каралі раёну».

«Але вы ведаеце, не ўсё так проста: у кагосьці запой, у некага — наадварот…» — як заўжды недагаворвае Вольскі пра магчымае святкаванне юбілею сумесным канцэртам з Міхалком і лідэрам Neuro Dubel Куллінковічам.

Студэнты ЕГУ задаволеныя: перад імі кумір дзяцінства (некаторыя з прысутных першакурснікаў нарадзіліся ў год выхаду першага альбому N.R.M. ŁaŁaŁaŁa), які лёгка высмейвае беларускія загоны, парадуе Лукашэнку і час ад часу пераходзіць на выкладчыцкі тон, распавядаючы пра «блізкага да геніяльнасці беларускага паэта» Анатоля Сыса. Але студэнты не хвалююцца, бо скончыцца ўсё адно «Трыма чарапахамі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.