Мастакоў затрымалі за перформанс на Кастрычніцкай у Менску

Затрыманне адбылося каля 13:00. Мастак Міхаіл Гулін з трыма асістэнтамі проста ішоў па Кастрычніцкай плошчы ў Менску, трымаючы абстрактныя канструкцыі розных геаметрычных формаў і колераў. Акцыю здымала аператар «Нашай Нівы» Таццяна Гаўрыльчык.

Праз некаторы час да групы падышлі спецназаўцы і запрасілі прайсці з імі для праверкі дакументаў. Пасля пагрузілі ў аўтобус і адвезлі ў Цэнтральны РУУС.


Міхаіл Гулін у час адкрыцця сваёй выставы ў Галерэі «Ў». Фота Настасься Казьленок

Як распавёў Міхаіл Гулін у размове з Еўрарадыё, спачатку міліцыя паводзіла сябе даволі мірна. Аднак калі затрыманыя адмовіліся здаваць адбіткі пальцаў — праваахоўнікі ўжылі сілу. Пратаколаў затрымання хлопцы не бачылі. На дадзены момант (18:00) яны знаходзяцца ў РУУС. Адпусцілі толькі аператара Таццяну Гаўрыльчык.

Як сказала Гаўрыльчык у інтэрв'ю «Салідарнасці», хлопцаў збілі, аднак яе не краналі. Відэааператар пасля выхаду з міліцыі засталася без здымкаў і матэрыялу, што здымала цягам дня.

Перад тым, як правесці акцыю на Кастрычніцкай, Міхаіл Гулін з трыма валанцёрамі зрабіў тое ж на плошчах Незалежнасці і Якуба Коласа. Там мастакі цікавасці ў міліцыі не выклікалі.

Гулін праводзіў акцыю ў межах праекту «Аб цяжкасцях публічнага выказвання». Аднайменная выстава ўчора адчынілася ў Галерэі «Ў». У межах праекту беларускія, літоўскія і калінінградскія мастакі выходзяць у публічную прастору гарадскіх вуліц і сутыкаюць простых мінакоў з нязвыклымі аб’ектамі і незвычайнымі акцыямі. Папярэднія акцыі праекту адбыліся ў Вільні, дзе цікаўнасці паліцыі не выклікалі.


Затрыманыя фігуры ў РАУС. Фота Тацяны Гаўрыльчык

Паведамляецца, што разам з мастаком і ягонымі асістэнтамі затрыманыя і рэквізіт перформансу: каляровыя фігуры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1052 seconds.