Пукст хоча прымусіць уважліва слухаць ягоныя песні

27 верасня ў галерэі «Ў» Сяргей Пукст афіцыйна прэзентуе першы за 8 гадоў студыйны альбом «Внутреннее». Канцэрт адбудзецца ў форме адзінага аўдыёвізуальнага комплексу, створанага з удзелам Алекса Жарнасека і FFMstudio.com. 

Кружэлка з’явілася ў продажы ў галерэі «Ў» яшчэ пры канцы чэрвеня, але яго афіцыйная прэзентацыя адбудзецца толькі зараз. Асаблівасць гэтага альбома ў беспрэцэдэнтнай спробе ўтрымаць увагу слухача да музычнага і тэкставага матэрыяла праз спадарожныя шумы – ад побытавых скрыпаў і шолахаў да гучання амплітуды розных планет.

«Я намагаўся максімальна «выбіць з-пад ног» слухача рознага кшталту прытопванне, каб ён выпаў з гіпнатычнай мернасці метру і ўключыў вушы. Менавіта таму гэта цяжкі альбом. Ён ідзе супраць агульнага – і глыбока памылковага, на мой могляд – руху музычнага развіцця «ад тэкста да рытму» Сёння стала нормай, што тэкст як бы і не трэба слухаць, таму ён часцяком і пішацца вельмі дэкаратыўна. Мая мэта ў тым, каб прымусіць людзей ізноў сапраўды ўважліва слухаць».

На сцэне Сяргей Пукст з’явіцца ў вобразе беласнежнага Апалона, на якога будзе праецыравацца відэаінсталяцыя, створаная фатографам і дызайнерам Алексам Жарнасекам на падставе фільма «Каяніскацы» (1983). З дапамогай песень музыка распавядзе сваю версію міфа пра Апалона і Дафну.

Сяргей Пукст — адзін з самых нестандартных сучасных беларускіх музыкаў. Грае ў розных стылях ад псіхадэлічных эксперыментаў да нігілістычнага джазу.

Прэзентацыя альбому адбудзецца 27 верасня ў 19.00. Уваход вольны. Даведка: (017) 286 31 68, (017) 284 53 99.

15:36, 19/09/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.