5 метадаў прасачыць за выбарамі

У Беларусі прынята даволі скептычна ставіцца да выбараў: многія не вераць у іх як у з’яву, бо лічаць, што вынікі галасавання амаль заўжды фальсіфікуюцца. Калі верыць справаздачам незалежных беларускіх і заходніх замежных назіральнікаў, тое сапраўды так. Аднак многія рэчы заўжды больш карысна бачыць на ўласныя вочы. І выбары тут не выключэнне.

Мы сабралі пяць найбольш даступных шляхоў назірання за выбарамі, праз якія кожны можа ўпэўніцца ў справядлівасці (ці яе адсутнасці) на выбарах у Беларусі.

Бывалыя назіральнікі кажуць, што гэта дае магчымасць пабачыць працэс выбараў з сярэдзіны. Таксама на выбарчых участках ёсць шанец сустрэцца са сваімі суседзямі, настаўнікамі, старымі сябрамі. Можна пагутарыць па-ангельску з міжнароднымі назіральнікамі, сустрэць кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асобаў, паразмаўляць з сябрамі камісіі. На назіранне можна ўзяць з сабой сябра, зайсці ў танны буфет, нават паслухаць навінкі айчыннай папулярнай музыкі. І зафіксаваць парушэнні выбарчага заканадаўства. Калі яны, вядома, здарацца.

1. Сабраць 10 подпісаў суседзяў

Стаць назіральнікам на беларускіх парламенцкіх выбарах вельмі проста. Паводле закону, любы грамадзянін Беларусі, якому ўжо ёсць 18 гадоў, мае права ўдзельнічаць у кантролі за выбарамі. Назіраць можна ў любой кропцы краіны ў незалежнасці ад месца рэгістрацыі.

Самы хуткі метад зарэгістравацца назіральнікам на адным з выбарчых участкаў — сабраць 10 подпісаў сваіх суседзяў, што жывуць і, адпаведна, галасуюць на тым самым участку, дзе ты плануеш сачыць за выбарамі. Суседзі паставяць подпісы ў адмысловым бланку і такім чынам зробяць са звычайнага чалавека назіральніка за выбарамі. Апошняе, што патрабуецца ад назіральніка, — прыйсці з заявай і гэтымі 10 подпісамі ў дзень выбараў на ўчастак і паведаміць кіраўніцтву выбарчай камісіі аб сваім жаданні назіраць.

Хто такі назіральнік за выбарамі?

2. Стаць назіральнікам ад грамадскай арганізацыі ці партыі

Можна таксама назіраць ад палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання і працоўнага калектыву. Калі ты маеш дачыненне да адной з пералічаных арганізацый (не абавязкова з’яўляцца яе чальцом), то проста звярніся ў сваю арганізацыю або партыю. Там мусяць ведаць падрабязнасці і тонкасці вылучэння назіральнікаў.

3. Звярнуцца да ініцыятыў па назіранні за выбарамі

Калі подпісы ні часу, ні магчымасці збіраць няма, а да партый ці грамадскіх арганізацый ты не маеш ніякага дачынення, самы час звярнуцца да ініцыятыў, што спецыялізуюцца на арганізацыі назірання за выбарамі.

Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» ўжо трэці раз рыхтуе місіі па назіранні за выбарамі. Ён адрозніваецца ад іншых ініцыятыў тым, што з’яўляецца непартыйным і прасоўвае ідэю незалежнага, грамадскага назірання ў Беларусі сіламі моладзі.

Шмат хто звярнуў увагу на матэрыялы, што з’яўляліся сёлета ў межах праекту. У гэтых каляровых паштоўках, відэароліках і мультфільмах назіральнік паўстае то ў вобразе паглыбленага ў апошнія гаджэты хіпсцера, то як студэнт-акулярык, гатовы не згубіць ніводную важную дэталь выбарчага працэсу.

Каб звярнуцца па дапамогу ў запісы ў назіральнікі да праекту, дастаткова запоўніць анкету на яго сайце.

Іншы малады праект — кампанія «За справядлівыя выборы’2012» — арыентуецца найперш на назіральнікаў ад палітычных партый. Кампанія створаная партыямі, каб супольна арганізаваць маніторынг за выбарамі. Далучыцца да кампаніі можна таксама праз анкету на яе сайце.

Найбольш сталая ініцыятыва па маніторынгу выбараў у Беларусі — кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары». На яе сайце вядзецца, бадай, самы сур’ёзны маніторынг парушэнняў выбарчага занаканадаўства — дзесяткі паведамленняў у дзень з самых розных гарадоў Беларусі. Аднак трапіць у лік назіральнікаў, вылучаных у межах гэтай кампаніі, не так проста. Прынамсі, праз яе сайт.

Як падрыхтавацца да назірання за выбарамі?

4. Маніторыць выбары на electby.org

З мінулых прэзідэнцкіх выбараў у Сеціве існуе даволі ўнікальны для Беларусі праект пад назовам рэсурс народнага маніторынгу за парламенцкімі выбарамі www.electby.org. З дапамогай яго можна распавесці пра выбарчае парушэнне на ўвесь Інтэрнэт. Для гэтага дастаткова напісаць паведамленне ў Твітэр з тэгам #electby ці пакінуць яго на сайце. Можна яшчэ даслаць стваральнікам рэсурсу смс.

Сайт electby.org пабудаваны на папулярнай платформе, дзякуючы якой грамадзянская супольнасць у многіх краінах свету здолела паўплываць на важныя падзеі. Галоўная яе фішка — візуалізацыя падзей з дапамогай мапы. На electby.org мапа таксама ёсць. Праўда, паведамленняў на ёй аб выбарчых падзеях не так шмат: тое дэманструе і стаўленне беларусаў да цяперашніх выбарчых працэсаў.

Смартфон і букрыдэр за фота ці відэа пра выбары

Выглядае, што Electby.org вырашыў не мірыцца з такой перадвыбарчай апатыяй і разам з праектам «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» распачаў конкурс на лепшае фота і відэа на тэму парламенцкіх выбараў 2012 г. Пераможцаў конкурсу ў трох намінацыях чакаюць фотакамера, смартфон і букрыдэр. Спецыяльны прыз будзе ўручаны аўтару найлепшай «фотажабы».

Правілы ўдзелу можна пачытаць на старонцы конкурсу. Пераможцаў, як цяпер модна, вызначаць карыстальнікі сацыяльных сетак.

5. Быць уважлівым выбарцам

Зрэшты, калі Твітэр ты не юзаеш, а стаць назіральнікам нешта не атрымліваецца, за выбарамі ты так ці інакш прасачыць можаш. Напрыклад, у шчаслівы той моманты, калі ты наважышся прыйсці на ўчастак для галасавання. Назіральнікі кажуць, што рабіць гэта лепей у дзень выбараў 23 верасня. А датэрміновае галасаванне лепей пакінуць на сумленні няшчасным студэнтам, якім пагражаюць выселіць з інтэрнатаў за адмову галасаваць за некалькі дзён да дня выбараў і іншым паднявольным асобам.

Калі ты раптам заўважыш нешта падазронае на ўчастку, то можаш паведаміць пра гэта адной з тых ініцыятываў, што арганізуюць цэнтралізаванае назіранне. Назіральнікі ж у сваю чаргу могуць звярнуцца з заявай у выбарчыя камісіі ці нават у пракуратуру, калі парушэнне сапраўды сур’ёзнае. Таксама можна паведаміць пра такія парушэнні, як, напрыклад, прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні на імэйл кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» elections2012@spring96.org.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.